Еўразвяз гатовы ўключыць Лукашэнку ў санкцыйны спіс



Еўразвяз гатовы ўключыць Аляксандра Лукашэнку ў санкцыйны спіс, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай 12 кастрычніка на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕЗ.

„Савет зноў паўтарае, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, у Аляксандра Лукашэнкі адсутнічае якая-небудзь дэмакратычная легітымнасць, — цытуе заяву прэс-служба Савета ЕЗ. — Савет зноў заяўляе аб сваёй поўнай падтрымцы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і падкрэслівае дэмакратычнае права беларускага народа абіраць свайго прэзідэнта шляхам новых, свабодных і справядлівых выбараў без знешняга ўмяшання”.

ЕЗ рашуча асуджае гвалт, які  ўлады Беларусі ўжываюць супраць мірных дэманстрантаў, і заклікае вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту і палітычных зняволеных.

Савет ЕЗ нагадвае аб санкцыях, уведзеных у дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб, якія, на думку Еўразвяза, адказныя за фальсіфікацыі падчас выбараў і гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў. „Савет заяўляе пра гатоўнасць ЕЗ прыняць далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да прадпрыемстваў і высокапастаўленых службовых асоб, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, калі сітуацыя не палепшыцца”, — гаворыцца ў заяве.

Там таксама адзначаецца, што ЕЗ „скароціць двухбаковае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі на цэнтральным узроўні, павялічыць падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці і адпаведна зменіць сваю двухбаковую фінансавую дапамогу”. „У адпаведнасці з гэтым ЕЗ неадкладна выдзеліў дадатковыя фінансавыя рэсурсы ахвярам гвалту, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ”, — сказана ў дакуменце.

Савет ЕЗ адзначае, што Еўразвяз гатовы істотна актывізаваць свой палітычны ўдзел, галіновае супрацоўніцтва і фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове захавання ўладамі краіны прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, у тым ліку спынення рэпрэсій і злоўжыванняў.

Савет ЕЗ таксама чарговым разам падкрэсліў неабходнасць пачатку ў Беларусі „сур’ёзнага, годнага даверу, інклюзіўнага палітычнага працэсу, які прывядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам БДІПЧ АБСЕ і забяспечыць гарантыі павагі да правоў чалавека”.

БелаПАН