Еўразвяз выдзеліць Беларусі 10 млн еўра на дзяржаўнае кіраванне
Еўразвяз выдзеліць 10 млн еўра на рэалізацыю ў Беларусі праграмы належнага дзяржаўнага кіравання, паведаміў 11 снежня журналістам у Менску кіраўнік аддзела супрацоўніцтва дэлегацыі ЕЗ у Беларусі Берэнд дэ Гроат.
Паводле яго слоў, канцэпцыя праекта гатовая, зараз вядуцца перамовы аб падпісанні пагаднення аб фінансаванні гэтай праграмы паміж ЕЗ і ўрадам Беларусі. „Праграма будзе працаваць як на нацыянальным, так і на рэгіянальным, мясцовым узроўні, — адзначыў дэ Гроат. — Размова пойдзе аб усталяванні сувязі паміж урадавымі арганізацыямі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Гэта праграма належнага дзяржаўнага кіравання”.
Рыхтуецца да рэалізацыі ў Беларусі яшчэ адна праграма, што фінансуецца Еўразвязам, — SPRING. Пагадненне было падпісанае ў 2017 годзе, чакаецца яе рэгістрацыя ў Міністэрстве эканомікі. У межах праграмы 5 млн еўра будзе выдзелена на падтрымку мясцовых ініцыятыў (бізнес-інкубатараў, стартапаў, кластарных і сацыяльна значных ініцыятыў).
Дэ Гроат заявіў, што Еўразвяз даволі шмат робіць для развіцця беларускай моладзі і ў рамках іншых праектаў. „Да прыкладу, адна з сур’ёзных праграм, якая зараз набірае абароты, гэта падтрымка для развіцця прафесійна-тэхнічнага навучання. І да яе мы назіраем значную цікавасць з боку беларускіх уладаў. Зноў жа гэта непарыўна звязанае з працаўладкаваннем, таму што, калі чалавек хоча атрымаць добрую працу, дзе ён можа атрымаць важныя навыкі”, — сказаў ён.
Таксама дэ Гроат нагадаў пра праграму „Мост”, у межах якой ЕЗ дае магчымасць маладым беларускім прафесіяналам паехаць у краіны Еўропы і папрацаваць там у сферы сваёй прафесійнай дзейнасці, набрацца вопыту.
Пры ўдзеле Еўразвяза ў 2018 годзе стартавалі яшчэ дзве праграмы. Першая з агульным бюджэтам у 1,6 млн еўра называецца „ЕЗ для моладзі. Ад працаўладкавання да ўстойлівасці ў Арменіі, Беларусі і ва Украіне”. Яна разлічаная да канца студзеня 2021 года. У Беларусі выканаўцам праграмы з’яўляецца міжнародная грамадская арганізацыя „SOS-Дзіцячыя вёскі”. Праект рэалізуецца ў Менску і Менскай вобласці. Яго мэта — палепшыць перспектывы занятасці моладзі. Прыкладна 350 падлеткаў, маладых мужчын і жанчын з сацыяльна неабароненых груп пад кіраўніцтвам экспертаў праекта навучаць таму, што дапаможа ім у далейшым працаўладкаванні. Асобны важны блок праекта скіраваны на пашырэнне ведаў і навыкаў у галіне прадпрымальніцтва. Для навучання будуць адабраныя 60 удзельнікаў, якія распрацуюць свае бізнес-ідэі пры падтрымцы экспертаў. 15 найбольш перспектыўных атрымаюць фінансаванне ў межах праекта.
Другую праграму — „Школьны сад” — для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва рэалізуе ў Беларусі грамадская арганізацыя „Беларускі зялёны крыж”. Таксама праект працуе ва Украіне і Малдове. Агульны бюджэт складае 1,5 млн еўра. Тэрмін рэалізацыі — да канца чэрвеня 2022 года. Задачы праграмы — спрыяць пашырэнню магчымасцяў для працаўладкавання маладых людзей, якія жывуць у сельскіх рэгіёнах, у тым ліку пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і іх актыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства і эканоміцы. У мерапрыемствах праекта возьмуць удзел школы больш як у 60 населеных пунктах. Прыблізна 6 тыс. маладых людзей і 2 тыс. сем’яў атрымаюць новыя веды і практычныя навыкі ў сферы сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва.
