Еўразвяз заклікае аднавіць статус СМІ для tut.by



Еўразвяз заклікае ўлады Беларусі аднавіць статус СМІ для партала tut.by і вызваліць усіх зняволеных журналістаў.

Пазбаўленне tut.by статусу сродку масавай інфармацыі прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стано назваў „чарговым крокам у абуральным ціску на журналістаў і свабодныя СМІ”. „Гэта павінна спыніцца. Права tut.by на апеляцыю павінна быць цалкам выканана, і статус трэба вярнуць”, — напісаў Стано ў „Твітары”.

ЕЗ таксама заклікаў вызваліць усіх зняволеных беларускіх журналістаў, уключаючы журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч.

3 снежня эканамічны суд Менска задаволіў іск Міністэрства інфармацыі аб пазбаўленні партала tut.by статусу СМІ на падставе чатырох вынесеных ведамствам папярэджанняў. Рэдакцыі tut.by ўдалося аспрэчыць толькі адно з папярэджанняў.

Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медыцынскай таямніцы. Яна аўтар артыкула, дзе прыводзіцца сведчанне ўрача аб адсутнасці алкаголю ў крыві збітага да смерці Рамана Бандарэнкі, што супярэчыла заявам уладаў. Другі фігурант — урач-анестэзіёлаг Арцём Сарокін. Беларускія праваабаронцы прызналі Барысевіч палітзняволенай. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала Сарокіна і Барысевіч вязнямі сумлення.

belapan.by