Еўропа памятае аб праблемах Усходу



Еўропа памятае аб праблемах Усходу і гэта важная тэндэнцыя,  кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” — галоўную ўзнагароду Еўразвязу ў галіне правоў чалавека. Палітыка называюць “галоўным палітычным апанентам” прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

„Вітаем Аляксея Навальнага ў гроне тых, хто мае такую ганаровую прэмію”, – сказаў у нашым эфіры намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Арганізацыя, якую сёлета ліквідавалі ўлады, у 2004 годзе таксама атрымала прэмію Сахарава:

– Існуе супольнасць тых арганізацый і людзей, якія сталі лаўрэатамі. Захад працягвае сачыць за Усходам. Нобелеўскую прэмію міра атрымліваюць журналісты, атрымлівае галоўны рэдактар “Новой газеты” з нашага рэгіёну. Тое ж самае мы бачым з Прэміяй Сахарава. Вельмі важна, хоць і прэмія пайшла ў Расею, але прэмія працягвае сачыць за падзеямі на ўсходзе Еўропы. Беларусь тут таксама знаходзіцца ў фокусе ўвагі.

Прэмія “За свабоду думкі” названая ў гонар савецкага дысідэнта Андрэя Сахарава, заснаваная Еўрапейскім Парламентам у 1988 годзе. Фінансавы памер прэміі складае 50 тысяч еўра. Летась прэмію атрымала дэмакратычная апазіцыя Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя