ЕЗ гатовы дапамагчы ва ўрэгуляванні крызісу ў Казахстане



Кіраўнік дыпламатыі Еўразвяза Жазэп Барэль заявіў аб гатоўнасці ЕЗ дапамагчы ва ўрэгуляванні крызісу ў Казахстане і падкрэсліў, што знешняя ваенная падтрымка павінна паважаць суверэнітэт і незалежнасць краіны.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай на сайце Савета ЕЗ 8 студзеня заяве Барэля, паведамляе „Еўрапейская праўда”.

Барэль адзначыў, што ЕЗ заклапочаны гвалтам, які ўспыхнуў пасля мірных пратэстаў у Казахстане. Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ заклікаў улады Казахстана выканаць свае абавязацельствы, у тым ліку павагу правоў чалавека і асноўных свабод грамадзян.

„Мы глыбока шкадуем з-за гібелі людзей і рашуча асуджаем шырокамаштабныя акты гвалту. Важна прадухіліць далейшую эскалацыю, пазбягаць любога падбухторвання да гвалту, заўсёды праяўляць стрыманасць і пазбягаць выкарыстання беспарадкаў у іншых мэтах”, – заявіў ён.

Фота: pravda.com.uа