ЕЗ і СААЗ пачалі рэалізацыю двухгадовай праграмы дапамогі беларускай ахове здароўя



ЕЗ і Сусветная арганізацыя аховы здароўя пачалі рэалізацыю двухгадовай праграмы дапамогі беларускай ахове здароўя. Пра гэта 13 ліпеня ў Менскім раёне на цырымоніі перадачы сродкаў індывідуальнай абароны медработнікам сталічнай вобласці паведаміў прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

„Гэты праект фінансуецца ЕЗ і рэалізуецца СААЗ. Першы этап — задавальненне вострай патрэбы ў сродках індывідуальнай абароны, затым будзе этап кансультатыўнай экспертнай дапамогі для ўмацавання сістэмы аховы здароўя і падрыхтоўка да магчымых сітуацый. Гэта, па-першае, барацьба з СOVID-19, таму што ён пакуль нікуды не дзеўся. Але гэта і іншыя захворванні. Сістэмы аховы здароўя павінны быць гатовыя да такіх сітуацый”, — падкрэсліў Бердыклычаў.

Паводле яго слоў, будзе прапанаваны комплекс па арганізацыі супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў, кіраўнікоў Міністэрства аховы здароўя, пытанні камунікацыі з насельніцтвам. „Мы якраз на стадыі абмеркавання з Міністэрствам аховы здароўя, каб спланаваць мерапрыемствы на гэтыя два гады”, — сказаў прадстаўнік СААЗ.

На пытанне БелаПАН аб аб’ёмах фінансавання праграмы ён адказаў: „Цяпер дакладна не скажу лічбу, але гэта больш за 3 млн еўра на два гады”.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза Дзірк Шубель адзначыў, што для ЕЗ важна ў складаны з эпідэміялагічнага пункту гледжання час „паказаць салідарнасць”. „Мы ў Еўропе былі першымі, хто сутыкнуўся з праблемай каранавіруса, і нам важна падтрымаць Беларусь. Нашы адносіны сталі бліжэйшымі, чым пяць гадоў таму. Мы хацелі паказаць, што мы разам у гэтым крызісе і будзем дапамагаць людзям у Беларусі”, — сказаў Шубель.

Ён паведаміў, што цяперашняя перадача сродкаў індывідуальнай абароны не апошняя. „Гэта фактычная дапамога, будзе яшчэ другі пакет — дапамога ў аплаце экспертаў СААЗ. У будучыні мы таксама плануем сацыяльна-эканамічную падтрымку і ў дэталях яе разгледзім пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі”, — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.

belapan.by