ЕЗ ізноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне



Рада Еўропы і Еўразвяз зноў заклікалі Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Сумесную заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі і генеральнага сакратара Рады Еўропы агучылі напярэдадні Еўрапейскага і Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ва усім свеце 10 кастрычніка.

Тым часам, выступаючы на пасяджэнні Камітэта ААН па правах чалавека, прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч заявіў, што Беларусь пакуль не гатовая ратыфікаваць другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраваны на адмену смяротнага пакарання.  Паводле яго слоў, апытанні грамадскай думкі паказваюць, што прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання ў Беларусі ўсё яшчэ больш, чым праціўнікаў.

Яго заяву нашаму радыё пракаментаваў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда.

– Нашы калегі прымалі ўдзел у гэтым паседжанні. Спадар Амбразевіч нічога новага не сказаў па вялікім рахунку. Гэта тая агульнавядомая лінія прадстаўнікоў дзяржавы са спасылкай на рэферэндум, якому ўжо больш за 20 гадоў. Грамадства беларускае можа быць не гатовае да адмены смяротнага пакарання ў 21-м стагоддзі, 22-м  і 23-м. Пытанне смяротнага пакарання само па сабе больш эмацыйнае. Нават ва Украіне, дзя яно адмененае, большасць выступае за яго час ад часу.  

У дакуменце, апублікаваным на сайце Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі, гаворыцца аб „рашучым непрыманні” смяротнага пакарання „пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках” і пра тое, што „смяротнае пакаранне – гэта абраза чалавечай годнасці.  Рада Еўропы і Еўразвяз зноў заклікалі улады Беларусі – адзінай краіны на еўрапейскім кантыненце, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне, — увесці мараторый на вышэйшую меру пакарання „ў якасці рашучага кроку, які набліжае краіну да агульнаеўрапейскіх стандартаў”.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org