ЕЗ: Многім палітвязням і актывістам можа пагражаць смяротнае пакаранне



Еўразвяз занепакоены магчымымі зменамі ў крымінальны кодэкс Беларусі, згодна з якімі можа стаць магчымым пашырэнне выкарыстання смяротнага пакарання. Нагадаем, Нацыянальны сход Беларусі 28 красавіка ўхваліў папраўку да Крымінальнага кодэкса, якая ў выпадку прыняцця дазволіць ужыванне смяротнага пакарання за «замах на здзяйсненне тэрарыстычнага акта».

Папраўкі ў Крымінальны кодэкс аб магчымасці смяротнага пакарання за „замах на ўчыненне акта тэрарызму” адкрываюць магчымасці для далейшых сур’ёзных злоўжыванняў. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка Еўрапейскай знешнепалітычнай службы Петэра Стана.

Еўрачыноўнік адзначае, што ўхваленыя беларускімі дэпутатамі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за „замах на здзяйсненне акта тэрарызму”, – супярэчаць сусветнай тэндэнцыі адмовы ад вышэйшай меры пакарання.

Многія прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і палітычныя актывісты абвешчаныя ў вышук па абвінавачваннях у «тэрарызме». Многія з абвінавачаных паўстаюць перад судом на таемных, несправядлівых і прадузятых судовых працэсах, часта па сфабрыкаваных абвінавачаннях і без якіх-небудзь прававых гарантый. Цяпер ім таксама можа пагражаць смяротнае пакаранне, – адзначыў ён.

Трыццаці шасці палітычным зняволеным у Беларусі прад’яўлены абвінавачванні ў тэрарызме ці ўжо прысуджаны працяглы тэрмін зняволення па такім абвінавачванні, нагадала Еўрапейская знешнепалітычная служба. Цяперашні палітычны кантэкст у Беларусі робіць гэты паварот падзей яшчэ больш трывожным, дадаюць там.

Фота: PICTURE-ALIANCE/DPA Liamkevich