ЕЗ не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі



Еўрапейскі звяз лічыць выбары прэзідэнта Беларусі сфальсіфікаванымі і не прызнае іх вынікі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па выніках пазачарговай сустрэчы Савета міністраў замежных спраў ЕЗ 14 жніўня. „Міністры зноў паўтарылі свой заклік да беларускіх уладаў спыніць непрапарцыйны і непрымальны гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў, — гаворыцца ў паведамленні. — ЕС чакае, што ўлады неадкладна вызваляць усіх незаконна затрыманых асоб. У святле шакавальных паведамленняў пра бесчалавечнае абыходжанне і ўмовы ўтрымання пад вартай Еўрасаюз чакае дбайнага і празрыстага расследавання ўсіх меркаваных злоўжыванняў, з тым каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці”.

Удзельнікі пасяджэння таксама заявілі пра падтрымку беларускага народа ў яго імкненні да дэмакратычных перамен.

„Міністры адзначылі выключную працу нацыянальных назіральнікаў на выбарах, чые даклады пры адсутнасці міжнароднага назірання адыгралі вырашальную ролю ў раскрыцці сапраўднай карціны выбараў, якія прайшлі ў нядзелю. Яны абмеркавалі, як падтрымаць гэтую жыццёва важную працу”, — адзначаецца ў паведамленні.

Кіраўнікі МЗС краін ЕС яшчэ раз падкрэслілі, што выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. „Еўрапейскі саюз лічыць вынікі выбараў сфальсіфікаванымі і таму не прызнае вынікі выбараў у тым выглядзе, у якім яны былі прадстаўленыя Цэнтральнай выбарчай камісіяй Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні. — У сувязі з гэтым ЕС мае намер вылучыць беларускім уладам прапанову аб аказанні падтрымкі ў наладжванні і садзейнічанні дыялогу паміж палітычнымі ўладамі, апазіцыяй і больш шырокімі слаямі грамадства ў мэтах урэгулявання цяперашняга крызісу”. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль і яго офіс неадкладна распачнуць працу над гэтай прапановай.

„Міністры таксама пагадзіліся з неабходнасцю пакарання асоб, адказных за гвалт, рэпрэсіі і фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Праца над дадатковымі спісамі ў рамках існых санкцый у дачыненні да Беларусі пачнецца неадкладна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Удзельнікі пасяджэння выказалі ўдзячнасць журналістам за іх працу ў складаных умовах і асудзілі напады на прадстаўнікоў СМІ і іх затрыманні, у тым ліку грамадзян ЕС.

Міністры дамовіліся вярнуцца да абмеркавання адносін паміж ЕС і Беларуссю на нефармальнай сустрэчы ў канцы жніўня. ЕС абмяркуе пытанне аб павелічэнні падтрымкі беларускага народа, у тым ліку шляхам пашырэння ўзаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю і яе фінансавай падтрымкі, дадатковай падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі і пашырэння магчымасцяў для студэнцкай і акадэмічнай мабільнасці.

belapan.by