ЕЗ падтрымае працу Міжнароднай платформы для Беларусі



Еўразвяз падтрымае палітычна і фінансава працу Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus), гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяз па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.

„Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў сем месяцаў таму беларускія ўлады здзейснілі непрымальныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да беларускага народа, — сказаў ён. — На масавую мірную мабілізацыю беларускага грамадства, якое выступае за дэмакратыю і свае асноўныя свабоды, улады адказалі жорсткімі рэпрэсіямі, адвольнымі арыштамі і затрыманнямі, сотнямі задакументаваных выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, уключаючы сексуальны і гендарны гвалт. Несправакаваныя, адвольныя затрыманні больш як 200 мірных людзей па ўсёй Беларусі ўчора з нагоды Дня Волі дэманструюць, што маштабы дзяржаўных рэпрэсій не змяншаюцца. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”.

Паводле слоў Барэля, ЕЗ разам з міжнароднымі партнёрамі „ўзначальвае барацьбу з беспакаранасцю”.

Акрамя падтрымкі працы міжнароднай платформы, адзначыў Барэль, на гэтым тыдні Савет ААН па правах чалавека ўхваліў прапанаваную Еўразвязам рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. Гэты дакумент дае мандат вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека для збору інфармацыі аб парушэннях у Беларусі. Барэль падкрэсліў, што ў сваёй працы вярхоўны камісар ААН будзе карыстацца дакументацыяй, сабранай міжнароднай платформай.

„ЕЗ будзе і надалей падтрымліваць беларускі народ у яго законным імкненні да дэмакратыі і паважання асноўных свабод, уключаючы права на свабоду слова, права мірна збірацца і праводзіць дэманстрацыі, не сутыкаючыся з гвалтам, запалохваннем або страхам рэпрэсій”, — сказаў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека пачала працу 24 сакавіка. „Гэта кааліцыя незалежных праваабарончых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, праверкі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку катаванняў, здзейсненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў пазнейшы перыяд”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце платформы.

Платформа створаная, каб выканаць рэкамендацыі прафесара Вольфганга Бенедэка, дакладчыка ў межах Маскоўскага механізма АБСЕ, выкладзеныя ў яго дакладзе Пастаяннаму савету АБСЕ 5 лістапада 2020 года аб меркаваных парушэннях правоў чалавека ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 9 жніўня.

У кіруючы камітэт платформы ўвайшлі Dignity — Дацкі інстытут супраць катаванняў, праваабарончы цэнтр „Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і праваабарончая арганізацыя Redress, якая дапамагае ахвярам катаванняў.

У складзе кансультацыйнай рады платформы: Еўрапейскі цэнтр па канстытуцыйных правах і правах чалавека, Міжнародная федэрацыя па правах чалавека, Міжнародны савет па рэабілітацыі ахвяр катаванняў, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, арганізацыя „Урачы за правы чалавека”, Сусветная арганізацыя супраць катаванняў.

belapan.by