ЕЗ: Улады не забяспечылі змястоўнага і канкурэнтнага палітычнага спаборніцтва



Адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, беларускія ўлады не забяспечылі змястоўнага і канкурэнтнага палітычнага спаборніцтва, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

Тэкст заявы апублікаваны на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

У заяве зазначаецца, што Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі на той падставе, што „нібыта былі выяўленыя неадпаведнасці ў яго дэкларацыі аб даходах і маёмасці”, а Цапкалу — „з-за нібыта недастатковай колькасці сапраўдных подпісаў для вылучэння кандыдатам і тое, што яго жонка не пазначыла звесткі аб праве ўласнасці на акцыі „Прыёрбанка” ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці”.

„Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо раней адзначалася БДІПЧ АБСЕ ў 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі, — сказаў Барэль. — Акрамя таго, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар’еры для вылучэння кандыдатаў, што супярэчыць абавязацельствам у рамках АБСЕ і іншым міжнародным стандартам”.

Паводле слоў Барэля, ЕЗ шкадуе, што рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ аб унясенні ў заканадаўства істотных працэдурных і прававых гарантый, якія павышаюць інклюзіўнасць, сумленнасць і празрыстасць на ўсіх этапах выбарчага працэсу, у прыватнасці, аб увядзенні дакладных і разумных крытэрыяў і механізмаў рэгістрацыі кандыдатаў і праверкі подпісаў, не былі выкананыя. Пры гэтым Еўразвяз чакае, што Беларусь неадкладна афіцыйна запросіць БДІПЧ АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.

„Адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі, якія ўяўляюцца адвольнымі, абмяжоўваюць магчымасць беларускага народа выказаць сваю волю і ўжо падрываюць агульную цэласнасць і дэмакратычны характар выбараў, — заявіў Барэль. — ЕЗ чакае, што Беларусь будзе паважаць правы беларускіх грамадзян на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў у наступныя некалькі тыдняў перад выбарамі. ЕС па-ранейшаму прыхільны да ўмацавання ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца ў цэнтры ўвагі ЕЗ пры фарміраванні яго палітыкі ў дачыненні да гэтай краіны”.

belapan.by

[manual_related_posts]