ЕЗ заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі



Еўрапейскі Звяз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання думак і свабодай прэсы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

У заяве адзначаецца, што ўлады Беларусі працягваюць агрэсіўны пераслед беларускіх і замежных журналістаў і работнікаў СМІ, якіх рэгулярна запалохваюць і адвольна затрымліваюць.

«Мы таксама асуджаем адмову ў праве на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне і свабоду мірных сходаў як у сетцы, так і па-за ёй, сістэматычнае і вартае шкадавання абмежаванне доступу да інфармацыі, адключэнне інтэрнэту і ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў для незалежных СМІ з боку ўладаў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

ЕЗ заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ, і выконваць вяршэнства закона. А таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія ўтрымліваюцца пад вартай або адбываюць турэмнае зняволенне проста за выкананне сваёй працы і рэалізацыю сваіх правоў.

Беларускае Радыё Рацыя