ЕЗ зноў заклікае Беларусь да мараторыя на смяротную кару



Еўразвяз зноў заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротную кару ў сувязі з інфармацыяй аб чарговым смяротным прысудзе. „Еўрапейскі саюз прынцыпова выступае супраць прымянення смяротнага пакарання ў любы час і ў любых абставінах, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прадстаўніцтвам ЕЗ у Беларусі. — Пакаранне смерцю парушае права на жыццё і з’яўляецца самым жорсткім, бесчалавечным пакараннем, якое прыніжае годнасць. Такім чынам, мы заклікаем беларускія ўлады замяніць вынесеныя смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яе адмены„.

Пра тое, што мінулай восенню Віцебскі абласны суд вынес чарговы смяротны прысуд, праваабаронцам стала вядома ў студзені гэтага года. 31 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску гэтую інфармацыю пацвердзіў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч. Ён паведаміў, што 22 верасня Віцебскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання Віктара Лётава, 1987 года нараджэння.

„Так, чалавек, на жаль, здзейсніў ужо трэцяе ў сваім жыцці забойства, — сказаў Калінковіч. — Здзейсніў забойства, адбываючы пакаранне таксама за забойства. Забіў свайго таварыша па няшчасці — іншага асуджанага, які адбываў пакаранне за іншае злачынства. Забіў з асабістай непрыязі, спакойна і жорстка. Гэта было ў папраўчай калоніі № 13 у Глыбокім”. „Ён не абскардзіў гэты прысуд, адмовіўся падаваць апеляцыйную скаргу і хадайніцтва аб памілаванні. Тым не менш, пасля ўваходжання прысуду ў законную сілу былі выкананыя абавязковыя ў такіх выпадках працэдуры па праверцы законнасці і абгрунтаванасці прысуду ў Вярхоўным судзе”, — дадаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда.

У 2017 годзе да смяротнай кары ў Беларусі былі прыгавораныя пяць чалавек, да пажыццёвага зняволення — трое. Адзін смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне. Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў таксама знаходзяцца: жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які зімой 2016 года забіў двух уласных дзяцей; неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі Аляксандр Міхаленя, які ўчыніў у сакавіку 2016 года забойства суседзяў-пенсіянераў; магіляўчане Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны, фігуранты гучнай справы „чорных рыэлтараў”. Акрамя таго, 20 студзеня прызнаныя вінаватымі ў забойстве ў снежні 2015 года трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка былі таксама асуджаныя да вышэйшай меры пакарання.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных памілаваны прэзідэнтам.

9 лютага ў інтэрв’ю газеце „Советская Белоруссия” старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў: да таго часу, пакуль смяротная кара застаецца ў нацыянальным заканадаўстве, суддзі абавязаныя яе ўжываць. „Вярхоўны суд нават прапануе суддзям устрымлівацца ад удзелу ў дыскусіях на гэтую тэму. Таму што калі суддзя пачне сумнявацца, ці трэба яму прытрымлівацца заканадаўства, то нічога добрага з гэтага не выйдзе. Мы прымяняльнікі закона і не можам дазволіць сабе ўсумніцца ў ім. Інакш перастанем выконваць свае абавязкі”, — сказаў Сукала.  БелаПАН