Facebook выдаліў акаўнты расейскіх спецслужбаў
Кампанія Facebook паведаміла пра выдаленне з сеткі акаўнтаў і груп, звязаных з расейскімі спецслужбамі, якія працавалі ў асноўным ва Украіне, а таксама ў іншых краінах.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Facebook.
Гэтую сетку стварылі для незаконнага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін, перш за ўсё Украіны. У кампаніі адзначылі, што не жадаюць, каб іх сацсетку выкарыстоўвалі для маніпулявання людзьмі.
Так, у расейскую сетку ўваходзілі 78 уліковых запісаў Facebook, 11 старонак, 29 груп і 4 уліковыя запісы ў Instagram.
Людзі, якія стаялі за гэтымі акаўнтамі, выдавалі сябе за мясцовых, выкарыстоўваючы фальшывыя дадзеныя.
Пасля расследавання ў Facebook прыйшлі да высновы, што гэта скаардынаваная праца па распаўсюдзе недакладнай інфармацыі, звязаная з расейскімі ваеннымі разведвальнымі службамі.
Гэтая сетка распаўсюджвала кантэнт на расейскай, украінскай і англійскай мовах пра мясцовую палітыку, грамадскіх дзеячах, нібыта ўцечцы са Службы бяспекі Украіны, звязаныя з «этнічным напружаннем» у Крыме і падзеннем «Боінга» MH17 на Данбасе. Некаторыя з гэтых людзей прадстаўляліся журналістамі і спрабавалі звязацца з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і журналістамі.
Нагадаем, у верасні Facebook выдаліў вялікую ферму ботаў ва Украіне, у якой у прыватнасці былі старонкі выданняў з сумнеўнай рэпутацыяй.
Таксама ў Facebook абяцалі, што ў 2020 годзе запусцяць ва Украіне праграму па фактчэкінгу.