Федэральны прэзідэнт Аўстрыі прыбыў з візітам у Беларусь



Федэральны прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен прыбыў з візітам у Беларусь. Самалёт аўстрыйскага лідара зрабіў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Гэтым жа рэйсам у беларускую сталіцу прыбыў і экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр. Высокіх гасцей з іх жонкамі ў аэрапорце сустрэў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

29 чэрвеня чакаецца ўдзел Аляксандра Ван дэр Белена і Хайнца Фішэра ў мітынгу-рэквіеме, прысвечаным памяці ахвяр нацызму, на тэрыторыі былога лагера смерці „Трасцянец”. У мерапрыемстве прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама Федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і многія іншыя замежныя госці з розных краін.

З Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі запланавана асобная сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы.

„Трасцянец” – адна з буйнейшых мясцін масавага знішчэння нацыстамі грамадзянскага насельніцтва ў перыяд 1941-1944 гадоў. Па колькасці ахвяр ён знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля лагераў смерці „Асвенцім”, Майданак” і „Траблінка”. У „Трасцянцы” загінулі жыхары Беларусі, іншых савецкіх рэспублік, дэпартаваныя грамадзяне заходнееўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Аўстрыю, Германію, Чэхаславакію. Паводле афіцыйных даных, у „Трасцянцы” абарвалася жыццё больш як 200 тыс. чалавек з розных краін.

belta.by