Фінляндыя падтрымлівае найхутчэйшае спрашчэнне візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю



 Фінляндыя падчас будучага старшынства ў Еўрапейскім звязе мае намер падтрымліваць найхутчэйшае завяршэнне перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю. Пра гэта 8 траўня заявіла, адказваючы на пытанне БелаПАН, намеснік дырэктара дэпартамента Расеі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міністэрства замежных спраў Фінляндыі Санамаарыя Ванама.

Прадстаўнік МЗС краіны сустрэлася з журналістамі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Расеі і Украіны ў межах прэс-тура, прымеркаванага да старшынства Фінляндыі ў Савеце Еўразвяза, якое пачнецца 1 ліпеня.

„Што да візавага рэжыму, вядома, гэтае пытанне з’яўляецца канкрэтным і важным для нашых грамадзян, — сказала Ванама. — Мы на пасадзе старшыні будзем садзейнічаць вырашэнню гэтага пытання. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ўсе краіны — члены ЕЗ павінны быць адзіныя ў сваім меркаванні, павінна быць узгодненая ўзаемная пазіцыя”.

Дыпламат таксама адзначыла, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай — удзельніцай Усходняга партнёрства, з якой у ЕЗ няма фармальнага базавага пагаднення. У сувязі з гэтым прадстаўнік МЗС выказала меркаванне, што паміж бакамі „не дасягнута пакуль такога збліжэння, якое неабходнае для заключэння пагаднення”, аднак, паводле яе слоў, Фінляндыя прытрымліваецца прагматычнага падыходу ў супрацоўніцтве з Беларуссю і актывізуе ўзаемадзеянне ў сферы экалогіі і бізнес-кантактаў.

Падчас паўгадавога перыяду старшынства ў ЕЗ, які для Фінляндыі стане ўжо трэцім, улады, паведаміла Ванама, маюць намер надаваць асаблівую ўвагу ініцыятыве „Усходняе партнёрства”, якая „скіраваная на збліжэнне Еўрасаюза і краін у практычнай сферы”. Яна адзначыла, што прадугледжваецца ўзаемадзеянне ў такіх сферах, як гандаль, развіццё грамадзянскай супольнасці, энергетыка, адукацыя. „Аднак цэнтральную ролю тут адыгрываюць пытанні вяршэнства права, функцыянавання прававой дзяржавы, магчымае спрыянне правядзенню адміністрацыйных рэформаў, выкараненню карупцыі, умацаванню гендарнай роўнасці”, — заявіла Ванама.

„Усходняе партнёрства не нацэленае супраць каго-небудзь і прадугледжвае падтрымку, якая аказваецца краінам для іх развіцця”, — адзначыла намеснік дырэктара дэпартамента МЗС Фінляндыі.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму Беларусь і ЕЗ вядуць з 2014 года. Еўрасаюз настойвае, каб пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму падпісвалася разам з пагадненнем аб рэадмісіі.

20 лютага паслы дзяржаў — членаў Еўрапейскага звяза нефармальна пацвердзілі пагадненне аб зменах Візавага кодэкса. Яго павінны будуць пацвердзіць у камітэце Еўрапарламента па грамадзянскіх свабодах, пасля чаго за пагадненне аб змене Візавага кодэкса павінны будуць прагаласаваць дэпутаты на пленарнай сесіі. Пасля гэтых працэдур дакумент паступіць на зацвярджэнне ў Савет ЕЗ. Змены ў Візавы кодэкс набудуць моц праз паўгода пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕЗ.

Раней у прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі БелаПАН растлумачылі, што ў выпадку падпісання Мінскам і Бруселем пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян складзе 35 еўра. Каментуючы магчымыя змены ў Візавы кодэкс (у прыватнасці павелічэнне памеру консульскага збору да 80 еўра), у прадстаўніцтве адзначылі, што „павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, заключаных паміж ЕЗ і шэрагам трэціх краін, такіх як Расея, Арменія і Азербайджан”.

belapan.by