Фінляндыя пакуль не плануе адкрываць у Беларусі паўнавартаснае пасольства



На гэты момант Фінляндыя не плануе адкрываць у Беларусі паўнавартаснае дыпламатычнае прадстаўніцтва, заявіў у адказ на пытанне БелаПАН на прэс-канферэнцыі 22 кастрычніка ў Хельсінкі намеснік дзяржсакратара фінскага Міністэрства замежных спраў Марку Кейнанен.

Чыноўнік сустрэўся з журналістамі з Беларусі, Казахстана, Расеі і Украіны ў межах энергетычнага і экалагічнага прэс-тура, зладжанага фінскай медыяарганізацыяй Finnfacts (частка бізнэс-акселератара Business Finland) і МЗС Фінляндыі.

Паводле слоў Кейнанена, вясной 2019 года ён плануе наведаць Менск, каб „урачыста адкрыць новы офіс аддзялення пасольства Фінляндыі ў Літве”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Фінляндыяй былі ўстаноўленыя 26 лютага 1992 года.

1 кастрычніка 2010 года ў Менску адкрылася аддзяленне фінскага пасольства ў Літве. Пасол Фінляндыі ў Літве Крыстэр Міхельсан акрэдытаваны як пасол у Беларусі па сумяшчальніцтве.

З 5 снежня 2011 года ў Хельсінкі працуе паўнавартаснае пасольства Беларусі. З кастрычніка 2018 года беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва ўзначальвае Аляксей Самасуеў.

belapan.by

[manual_related_posts]