Фінляндыя заявіла, што сама будзе вырашаць, ці ўступаць ёй у NATO
Прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ і прэм’ер-міністар гэтай краіны Сана Марын у сваіх навагодніх зваротах да суграмадзян падкрэслілі, што Фінляндыя захоўвае за сабой права у любы час звярнуцца да NATO з просьбай аб прыёме яе ў гэты вайскова-палітычны саюз. Заявы прагучалі на фоне паведамленьняў аб магчымым уварваньні расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.
Прэзыдэнт Нііністэ сказаў: «Права Фінляндыі свабодна выбіраць свой шлях уключае і магчымасць далучэння да NATO, калі мы самі зробім такі выбар». Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на мінулым тыдні заявіў, што далучэнне Фінляндыі і Швэцыі да NATO будзе мець сур’ёзныя вайсковыя і палітычныя наступствы, якія запатрабуюць адэкватнага адказу расейскага боку.
