Францыя пачала расследаванне хакерскіх нападаў на штаб Макрона



Французскія праваахоўныя органы адкрылі справу па факце хакерскіх нападаў на штаб кандыдата ў прэзідэнты Францыі Эмануэля Макрона, паведамляе AFP.

Суразмоўца агенцтва паведаміў, што справа распачатая ў сувязі з «незаконным доступам да сістэмы апрацоўкі дадзеных» і «парушэннем таямніцы перапіскі».

У пятніцу арганізацыя WikiLeaks апублікавала спасылку на архіў файлаў перадвыбарчага штабу Макрона аб’ёмам каля 9 Гб. Гэта сотні тысяч электронных лістоў.

У камандзе лідэра руху «Наперад» заявілі аб хакерскай атацы, адзначыўшы, што разам з сапраўднымі дакументамі ў інтэрнэт былі выкладзеныя падробленыя матэрыялы.

Аналіз інфармацыі з архіву паказаў, што там ёсць файлы з мэтададзенымі на расейскай мове, а файлы змяняў праграміст, які працуе ў фірме, якая называе сябе падрадчыкам Мінабароны Расеі.

Дзеля таго, што працёк адбыўся ў «дзень цішыні», Нацыянальная камісія па назіранні за выбарамі прэзідэнта Францыі рэкамендавала СМІ не выкарыстоўваць матэрыялы ў публікацыях.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў напярэдадні, што ўзлом перапіскі «не застанецца без адказу».

Радыё Свабода