Францыя заклікала Беларусь захоўваць свабоду слова і дэманстрацый



Выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і забяспечыць захаванне свабоды слова і дэманстрацый заклікала Беларусь Міністэрства замежных спраў Францыі.

„Турэмнае зняволенне двух кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца ў Беларусі, а таксама затрыманне грамадзян і журналістаў у апошнія дні на дэманстрацыях у іх падтрымку супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі як члена арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе”, — гаворыцца ў заяве французскага знешнепалітычнага ведамства.

18 і 19 чэрвеня ў Беларусі прайшлі акцыі салідарнасці з арыштаванымі ў перыяд збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта экс-старшынёй праўлення „Белгазпрамбанка” Віктарам Бабарыкам і відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім. Апошні ў сярэдзіне мая з-за адміністрацыйнага арышту не змог падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, у выніку чаго на выбары пайшла яго жонка (блогер узначаліў яе ініцыятыўную групу), з 29 мая ён знаходзіцца пад вартай як фігурант крымінальнай справы, распачатай за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Акрамя таго, 19 чэрвеня 15-сутачны арышт атрымаў прэтэндэнт на вышэйшы дзяржаўны пост старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч, які абвінавачваўся ва ўдзеле ў мітынгу, не звязаным з выбарчай кампаніяй. Пакуль Губарэвіч знаходзіцца на волі. У знак пратэсту супраць рэпрэсій ён заявіў пра выхад з кампаніі.

belapan.by