Францыя зацікаўлена ў актывізацыі супрацы з Віцебскай вобласцю



Францыя зацікаўлена ў актывізацыі супрацоўніцтва з Віцебскай вобласцю. Такое меркаванне выказаў сёння ў Віцебску Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канесс ў ходзе рабочай сустрэчы з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Пеніным.

Наведванне дыпламатам паўночнага рэгіёну Беларусі носіць азнаямленчы характар. „Аднак цэнтральнае месца ў маёй місіі займае тэма развіцця эканамічных адносін. Важна вызначыць, якім патэнцыялам валодае Віцебшчына ў напрамках, цікавых французскаму бізнесу, знайсці агульныя пункты сутыкнення”, – падкрэсліў Дзідзье Канесс. З боку амбасады ён паабяцаў забяспечыць неабходную падтрымку ў гэтым кірунку.

Магчымыя сферы ўзаемнага інтарэсу пазначыў намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны. У іх ліку – сумесныя праекты ў льноперапрацоўцы. У Віцебскай вобласці гэтай тэме надаецца самая пільная ўвага, Францыя валодае перадавымі тэхналогіямі. Акрамя таго, перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці лекавых прэпаратаў. Штогод у Віцебскую вобласць ад французскіх вытворцаў пастаўляецца лекавая сыравіна на суму каля $ 20 млн. Усе прапановы па развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў бліжэйшы час будуць падрыхтаваны і накіраваны ў амбасаду.

Пільную ўвагу на сустрэчы дыпламат надаў абмеркаванню пытанняў, звязаных з развіццём супрацоўніцтва ў сферах культуры і адукацыі. У прыватнасці, яго зацікавіў ўдзел французскіх прадстаўнікоў у Міжнародным фестывалі мастацтваў „Славянскі базар у Віцебску”, арганізацыя сумесных выставачных праектаў, звязаных з імёнамі Шагала і Малевіча, магчымыя праекты, накіраваныя на папулярызацыю французскай мовы і яе вывучэнне. Запланаваны таксама сустрэчы пасла з кіраўніцтвам Віцебскага гарвыканкама, прадстаўнікамі бізнесу, наведванне Віцебскага мастацкага вучылішча, музея Марка Шагала, гімназіі №9 і іншых аб’ектаў.

belta.by