Freedom House: Беларусь застаецца ў катэгорыі несвабодных



Сітуацыя ў Беларусі ў 2016 годзе крыху палепшылася, але краіна па-ранейшаму застаецца ў катэгорыі несвабодных. Пра гэта гаворыцца ў новым штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі Freedom House „Нацыі ў транзіце”.

Пазіцыя Беларусі па зводным рэйтынгу дэмакратыі нязначна паляпшаецца другі год запар. У дакладзе зазначаецца, што гэта адбылося ў сувязі з агульным паляпшэннем палітычнага клімату ў 2016 годзе, у тым ліку зніжэннем узроўню рэпрэсій у дачыненні да праціўнікаў улады падчас парламенцкай выбарчай кампаніі і траплянне ў Палату прадстаўнікоў дзвюх апазіцыйных кандыдатаў.

Пры падрыхтоўцы дакладу, аўтарам якога з’яўляецца беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч, не ўлічваліся падзеі 2017 года, у тым ліку затрыманні ўдзельнікаў акцый пратэсту і разгон дэманстрантаў 25 сакавіка ў Менску, у Дзень Волі.

У дакладзе зазначаецца, што наступныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары пройдуць у краіне не раней за 2020 год і „працяглы прамежкавы перыяд адкрывае магчымасці для эканамічных і канстытуцыйных рэформаў”. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ва ўрада „няма істотных стымулаў” для паляпшэння сітуацыі з дэмакратыяй і захаваннем правоў чалавека, бо адносіны Беларусі з Еўразвязам і ЗША „ўжо часткова нармалізаваныя”. Нармалізацыя гэтых адносін таксама з’яўляецца „фактарам стрымлівання для любой новай рэпрэсіўнай палітыкі”. „Але калі ўлады адчуюць пагрозу ўнутранай стабільнасці з-за пагаршэння эканамічнай сітуацыі або росту пратэстаў, то прыменяць дадатковыя меры палітычнага кантролю і абмяжуюць палітычныя правы”, — гаворыцца ў дакладзе.

Самым сур’ёзным выклікам у такім сцэнарыі ў дакладзе называецца паглыбленне эканамічнага крызісу і большае ўцягванне Расеі ў беларускую палітыку.

Пры складанні рэйтынгу Freedom House выстаўляе ацэнкі краінам ад 1 да 7 (1 — лепшы бал, 7 — найгоршы). Ацэнка краіны робіцца па сямі паказчыках — нацыянальнае кіраванне, выбарчая сістэма, грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, мясцовае кіраванне, незалежнасць судоў і карупцыя. На падставе гэтых паказчыкаў атрымліваецца зводны рэйтынг дэмакратыі. Для Беларусі ў 2016 годзе ён склаў 6,61 (у 2015 годзе — 6,64).

belapan.by