Фядута расказаў падрабязнасці сваёй медыкаментознай забастоўкі



Палітолаг Аляксандр Фядута, якога абвінавачваюць у „змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам”, расказаў пра падрабязнасці сваёй медыкаментознай забастоўкі.

У снежні яго перавялі з „амерыканкі” ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Пры гэтым у яго забралі рукапісы з каментарамі да рамана Уладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім”. Фядута прасіў вярнуць рукапісы і на знак пратэсту адмовіўся прымаць таблеткі, расказвае „Народная воля”. У рэдакцыю нарэшце прыйшоў ліст ад палітолага.   

Праз адмову ад лекаў стан здароўя Фядуты пагоршыўся – абвастрылася падагра, ён не мог перасоўвацца па камеры без старонняй дапамогі. У выніку ён вырашыў спыніць страйк. „Што тут падзейнічала – лісты жонкі,  перапіска са святарамі, угаворы сукамернікаў або песня Вакарчука „Я не здамся без бою” – не ведаю, але ў сукупнасці вынік ёсць”, – піша Фядута. Паводле яго слоў, сукамернікі цяпер са здзіўленнем глядзяць „на рознакаляровую жменю таблетак і думаюць: што горш – калі я іх не піў або калі пачаў піць нанова?” Што тычыцца прадуктыўнасці „страйку”, то следчы паабяцаў вярнуць Фядуту рукапісы, калі ён будзе знаёміцца з матэрыяламі справы.

Літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Акрамя яго фігурантамі справы аб „змове з мэтай захопу ўлады” таксама з’яўляюцца лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і юрыст Юрый Зянковіч.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]