Гайдукевіч абверг праект Канстытуцыі, які апублікавала Каардынацыйная рада



„Праект Канстытуцыі”, апублікаваны Каардынацыйнай радай, не мае дачынення да рэальнага праекту. Пра гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч заявіў у каментары парталу TUT.by. Напярэдадні Каардынацыйная рада апублікавала дакумент, атрыманы з уласных крыніц. У ім былі прапановы па змене Канстытуцыі.

На думку Гайдукевіча, гэта прапановы толькі ад адной з пляцовак, дзе абмяркоўваюцца магчымыя змены Канстытуцыі. „Тое, што выкінулі ў інтэрнэт, гэта проста набор нейкіх прапаноў з пляцовак, на якіх па ўсёй краіне абмяркоўваюцца змены ў Канстытуцыю. Таму што не бачу ў гэтым дакуменце ні сістэмы, ні логікі. Тым больш, там няма важных палітычных прапаноў: пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам і парламентам, змены выбарчага заканадаўства і іншага”, — кажа дэпутат.

Ён заяўляе, што збор прапановаў ад грамадзян усё яшчэ ідзе. Гатовы праект змененай Канстытуцыі ў Палату прадстаўнікоў яшчэ не паступаў. Гайдукевіч прагназуе, што праект Канстытуцыі з’явіцца напрыканцы лістапада або ў снежні.

Крыніцы TUT.by паведамілі, што дакумент, апублікаваны Каардынацыйнай радай, быў разасланы па прафсаюзах. Верагодна, яго аўтарам была афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя