Ганаровы консул Беларусі ў Італіі падаў у адстаўку ў знак пратэсту
Ганаровы консул Беларусі ў італьянскім рэгіёне Эміліа-Раманья Антоніа Сатыле падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць падзей, што адбываюцца ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.
У інтэрв’ю Gazzetta di Reggio Сатыле заявіў, што зрабіў „выбар сумлення”, бо цвёрда верыць у каштоўнасці, якія прышчапілі яму бацькі і якія ён перадае сваім дзецям: дэмакратыя, свабода, павага правоў чалавека і непрымяненне гвалту. „У Беларусі больш за 27 тыс. чалавек былі арыштаваныя і зведалі запалохванне, пераслед і катаванні. Дзясяткі чалавек зніклі без вестак, пяцёра загінулі, баронячы свае правы”, — адзначыў Сатыле.
Паводле слоў былога ганаровага консула, на гэтай пасадзе ён прапрацаваў амаль 10 гадоў і добрасумленна выконваў свае абавязкі, спрыяючы двухбаковым бізнес-праектам і прыёму дзяцей з чарнобыльскай зоны ў італьянскіх сем’ях.
Пра сваё рашэнне Сатыле паведаміў у апарат міністра замежных спраў і беларускае пасольства ў Рыме.
Фота: gazzettadireggio.gelocal.it
