Ганна Канапацкая абвясціла аб пачатку грамадзянскай кампаніі „Наперад, Беларусь!”
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ганна Канапацкая абвясціла аб пачатку правядзення грамадзянскай кампаніі „Наперад, Беларусь!”.
„Гэта не азначае, што я разрываю з АГП ці правацэнтрысцкай кааліцыяй (у кааліцыю ўваходзяць АГП, рух” За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. — БелаПАН.). Кампанія — гэта не замест, а ў дадатак”, — падкрэсліла Канапацкая ў каментарыі БелаПАН.
Паводле яе слоў, многія людзі сёння не хочуць ці асцерагаюцца ўступаць у палітычныя партыі. „У той жа час яны лічаць магчымым удзельнічаць у нейкіх кампаніях і акцыях. На працягу гэтага года не праходзіла ні аднаго дня, каб мне не паступілі паведамленні з падзякай, прапановамі дапамагчы. Сукупнасць гэтых фактараў падштурхнула мяне на стварэнне грамадзянскай кампаніі”, — растлумачыла дэпутат.
Кампанію „Наперад, Беларусь!” Ганна Канапацкая называе „прынцыпова новым палітычным рухам”. „Яе місія — вольны чалавек, моцная сям’я, багатая Беларусь. Галоўныя мэты кампаніі — рэальнае прадстаўленне інтарэсаў грамадзян у дзяржаўных органах улады ўсіх узроўняў, атрыманне яе лідарамі і актывістамі дэпутацкай большасці ў парламенце і мясцовых саветах шляхам актыўнай барацьбы за ўладу, фарміраванне асноўнага прадстаўніцтва ва ўрадзе, выканаўчых і распарадчых органах улады”, — адзначае дэпутат.
„Год маёй працы ў Палаце прадстаўнікоў даказаў — перамены не проста магчымыя, амаль усё гатова для іх увасаблення ў жыццё. Але для таго, каб пазітыўныя змены ў Беларусі адбыліся хутчэй, аднаго майго голасу недастаткова. Мне неабходная падтрымка большасці грамадзян рэспублікі”, — гаворыць Канопацкая.
Новая грамадзянская кампанія будзе фінансавацца шляхам збору сродкаў на сваю дзейнасць — краўдфандынгу. „Наша пазіцыя ясная і выразная — каманда праводзіць уласную зразумелую ўсім грамадзянам краіны палітыку абароны іх інтарэсаў і прадстаўніцтва ў органах дзяржаўнай улады. Для яе рэалізацыі ажыццяўляецца збор сродкаў”, — сказала Канапацкая.
Штомесяц кампанія плануе публічна даваць справаздачу аб сваёй дзейнасці і выдатках, а ўсе сабраныя сродкі будуць накіроўвацца „толькі на мэтавую праектную дзейнасць, якая не ўключае ў сябе стаўкі з фіксаванымі акладамі”, падкрэсліла дэпутат.
На першым этапе „Наперад, Беларусь!” прыме ўдзел у мясцовых выбарах, якія пройдуць у лютым 2018 года. „Будуць створаны лакальныя ячэйкі актывістаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, якія складаюцца з каардынатараў (кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў) і актывістаў (давераныя асобы, назіральнікі, валанцёры). Я асабіста прыеду ва ўсе рэгіёны, дзе будуць створаны каманды, сфарміраваныя штабы кампаніі. На месцах будуць праводзіцца розныя навучальныя трэнінгі і семінары”, — паведаміла Канапацкая.
У перспектыве таксама плануецца адкрыць „дэпутацкую школу Ганны Канапацкой”, якую дэпутат назвала „маштабным праектам па падрыхтоўцы палітычна матываваных грамадзян да ўдзелу ў выбарах і дэпутацкай працы”.
belapan.by
