Ганна Канапацкая ініцыюе кампанію, а не рух



Заява Ганны Канапацкай пра стварэнне новага руху будзе дэзавуяваная. Такое рашэнне прыняў Палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі, правёўшы адмысловую нараду па факце абвяшчэння аб стварэнне новага палітычнага руху “Наперад Беларусь”.

Уся праблема непаразумення з анасаванай грамадскай кампаніяй “Наперад Беларусь” крыецца ў недакладнай інтэрпрэтацыі ў сродках масавай інфармацыі, кажа арганізатар новай ініцыятывы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая:

– Гэта не рух, гэта кампанія, якая была нацэлена на тое, каб прыцягнуць людзей, якія хочуць удзельнічаць у палітычным жыцці Беларусі, але па шэрагу  прычын не могуць прыйсці да палітычных партый. Гэта мая асабістая ініцыятыва. Больш інфармацыі будзе на пачатку наступнага тыдня.

Пра стварэнне новага палітычнага руху “Наперад Беларусь” Ганна Канапацкая абвясціла напачатку гэтага тыдня. Галоўныя мэты кампаніі паводле яе словаў — рэальнае прадстаўленне інтарэсаў грамадзян у дзяржаўных органах улады ўсіх узроўняў. Канапацкая папярэдне не ўзгадніла стварэнне руху з кіраўнітвам АГП, што і прывяло да непаразумення.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск