Ганна Канапацкая падала заяўку для ўдзелу ў праймерыз апазіцыі



Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала заяўку для ўдзелу ў праймерыз апазіцыі.

„Мэта любой палітычнай кампаніі — гэта перамога. Я разумею, што, стаўшы адзіным кандыдатам, я павінна буду ўлічваць інтарэсы ўсіх палітычных сілаў, якія ўдзельнічаюць у праймерыз. Я адзіная, хто апублікавала асноўныя тэзісы сваёй праграмы, каб людзі разумелі, за каго аддаюць подпісы. І я адзіны прэтэндэнт, які разумее сур’ёзнасць палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі”, — сказала Канапацкая ў каментары БелаПАН.

Экс-парламентарый паведаміла, што сабрала за некалькі дзён больш за 300 подпісаў, але падала 225, правераных ёю асабіста.

„Я лічу правільнай ідэю аб’яднанай апазіцыі, але бачу, што правілы правядзення працэдуры, кандыдаты, што да мяне падавалі заяўкі, не змогуць рэалізаваць адну з асноўных задач праймерыз — прыцягненне новых прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. Я гляджу, як праходзяць сустрэчы кандыдатаў у рэгіёнах, і бачу адны і тыя ж асобы. Я ўпэўненая, што мой удзел зможа пашырыць кола прыхільнікаў пазітыўных, дэмакратычных пераменаў”, — дадала яна.

Ганна Канапацкая — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Актыўна ўдзельнічала ў распрацоўцы некалькіх дзясяткаў законапраектаў. Сярод іх — законапраекты аб інвестыцыях і аб прыватызацыі, вернутыя асабістым рашэннем прэзідэнта на дапрацоўку. На апошніх парламенцкіх выбарах вылучалася шляхам збору подпісаў, але не была зарэгістраваная ў якасці кандыдата „з-за выяўленых несапраўдных подпісаў”.

Акрамя Канапацкай падалі заяўкі чатыры прэтэндэнты. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч вылучаліся ад узначаленых імі арганізацый. Сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова вылучалася шляхам збору подпісаў.

Таксама пра намер падаць заяўку заяўлялі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прадпрымальнік Уладзімір Усеня.

belapan.by