Гары Паганяйла: Ніхто Ярмошынай не пагражаў…



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла прааналізаваў сітуацыю, калі Cледчы камітэт прызнаў старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну пацярпелай.

Нагадаем, што Ярмошына прызнана пацярпелай у межах крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага. 27 траўня ў Магілёве блогер прапанаваў арганізаваць пікет па зборы подпісаў за вылучэнне ў прэзідэнты сваёй жонкі Святланы каля дома кіраўніка Цэнтрвыбаркама і “заадно зайсці да яе ў госці”. Ярмошына палічыла гэта пагрозай і напісала заяву ў Следчы камітэт.

Гары Паганяйла: З таго, што Лідзія Ярмошына агучыла асабіста, магу цвёрда сказаць, як юрыст з вялікім вопытам: ніякіх пагроз у адрас Ярмошынай і рэальнай пагрозы для яе жыцця, маёмасці альбо дзейнасці не было. Гэта асабістыя фантазіі і меркаванні Лідзіі Міхайлаўны.

РР: Але Следчы камітэт прызнаў Ярмошыну пацярпелай…

Гары Паганяйла: Не трэба блытаць пагрозы і крытыку ў свой адрас. Магчыма, часам даволі жорсткую і эмацыйную. Калі ў людзей ёсць падазрэнні ў фальсіфікацыях, то яны гэта і выказваюць. Нікому ж не хочацца адчуваць сябе падманутым дурнем, ці не так?

Таму, як мне падаецца, ва ўсёй гэтай сітуацыі патрэбна шукаць корань праблемы, а не бегчы ў Следчы камітэт з заявай і заяўляць аб пагрозах для жыцця. А на эмоцыях сёння многія выказваюцца — гэта так. Пра гэта і сама Ярмошына казала, калі давала ацэнку некаторым заявам Лукашэнкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]