Гары Паганяйла: Улады змяняюць афарбоўку



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта пракаментаваў магчымыя змены ў Крымінальным кодэксе.

Як вядома, апублікаваны праект зменаў у Крымінальны кодэкс. Дакумент падрыхтаваны Саветам міністраў і ўнесены на разгляд у парламент. Стала вядома, што плануецца дэкрыміналізаваць дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Норма будзе пераведзена з Крымінальнага кодэкса ў адміністратыўны.

Гары Паганяйла: Гэты крымінальны артыкул з самага пачатку быў прызнаны праваабаронцамі антыканстытуцыйным. А прынялі яго ў 2005 годзе, акурат напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Зараз дэкрыміналізацыю па гэтым артыкуле мы вітаем, але нават перавод адказнасці ў адміністрацыйную юрысдыкцыю, як мне падаецца, недапушчальны. Таму што гэта ўсё роўна абмежаванне канстытуцыйных правоў грамадзян і нерэалізацыя права на свабоду аб’яднанняў. Гэта толькі перавод з адной юрысдыкцыі ў іншую.

РР: Пры гэтым жорсткія санкцыі захоўваюцца за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі…

Гары Паганяйла: Так, прадугледжаны вялізныя штрафы, і гэта нічым не лепш, чым крымінальная адказнасць. Адным словам, улады вырашылі стварыць бачнасць лібералізацыі, а на самай справе ўсё застаецца па-старому. Улада не адмаўляецца ад рэпрэсіўных механізмаў кіравання грамадствам праз такога кшталту абмежаванні, таму мы працягваем крытыкаваць гэтую сітуацыю і будзем настойваць на поўнай адмене гэтага Крымінальнага артыкула. Адным словам, палітыка ў краіне застаецца ранейшай. Змянілі толькі афарбоўку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя