“Гавары Праўду” за адмену Дэкрэта №3



На сустрэчу ў Цэнтры гарадскога жыцця з кіраўніцтвам кампаніі “Гавары Праўду” прыйшло амаль тры дзясяткі гарадзенцаў. Асноўнай тэмай гутаркі быў Дэкрэт №3 .

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч заўважыла, што людзі, якія выйшлі на “Маршы недармаедаў” у Менску ды іншых гарадах Беларусі не маюць працы і адчуваюць несправядлівасць ад ўлады:

– Людзі адчулі вельмі моцную несправядлівасць, і таму выйшлі на вуліцу. І было б добра, каб улада ўсё ж такі гэты сігнал пачула і зразумела, што гэта не проста недарэчлівыя грамадзяне выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, а гэта сапраўды звычайныя беларускія сем’і, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, бо ў іх няма працы.

Па словах старшыні рады “Гавары Праўду” Андрэя Дзьмітрыева, гэты Дэкрэт №3 трэба адмяніць:

– Стаўленне  “Гавары Праўду”  простае – дэкрэт трэба адмяніць. Мы заклікалі да гэтага ўладу, сказалі наўпрост гэта спадарыні Качанавай падчас сустрэчы з ёй, як кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. І кажам усім чыноўнікам, з якімі сустракаемся, што гэты дэкрэт трэба адмяніць. І трэба не караць людзей за тое, што яны не маюць працы, а ствараць працоўныя месцы і даваць людзям працу.

Пасля сустрэчы гарадзенцы доўга не хацелі адпускаць прадстаўнікоў кампаніі, рабілі з імі сэлфі і задавалі розныя прыватныя пытанні. Ужо ў бліжэйшыя дні кіраўніцтва “Гавары Праўду з візітам паедзе па гарадах Берасцейшчыны.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня