Генадзь Фядыніч: Незалежным прафсаюзам з новага дэкрэту нічога не перападзе



Старшыня прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Беларусі Генадзь Фядыніч распавядае, ці стане лягчэй працаваць незалежным прафсаюзам пасля з’яўлення дэкрэта № 4.

mw1024_s_n-800x400

Як паведаміла прэс-служба кіраўніка краіны, Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 4, які павінен аблягчыць умовы стварэння прафсаюзаў.

У прыватнасці, дакумент выключае палажэнне, па якім для стварэння і дзейнасці прафсаюза на прадпрыемстве, ва ўстанове ці арганізацыі неабходна наяўнасць не менш 10 адсоткаў ад іх агульнай колькасці работнікаў.

Генадзь Фядыніч: У самім дэкрэце размова ідзе пра ўсе прафсаюзныя арганізацыі, хоць мы добра разумеем, каму будзе палёгка. На з’ездзе афіцыйных прафсаюзаў Лукашэнка даў загад тэрмінова стварыць прафсаюзныя арганізацыі і на прыватных прадпрыемствах, так што справа пайшла, і дэкрэт – адзін з крокаў у гэтым накірунку. А незалежным прафсаюзам з новага дэкрэту нічога не перападзе. У краіне прафсаюзы з’яўляюцца па прынцыпе “як улада вырашыць”. Хоць сто дэкрэтаў выдавай – ніхто цябе не зарэгіструе, калі дазволу зверху не будзе. Наймальнікі нават баяцца даваць незалежным прафсаюзам памяшканні для юрыдычнага адраса. Для гэтага шмат не трэба. Націснуць зверху на таго наймальніка – і ўсё. Толькі рукамі развядзе – прабачце, маўляў, гэта не ад мяне залежыць. Мы ўжо гэта праходзілі.

РР: Адным словам, дэкрэт адрасаваны афіцыйным прафсаюзам, каб тыя ўкараняліся да прыватнікаў?

Генадзь Фядыніч: Натуральна. Прафсаюзную арганізацыю зарэгістраваць будзе прасцей, дадуць невялікія ільготы сябрам прафасаюзаў, каб затым іншым прыклад паказаць і сказаць: “Ідзіце да нас”. Але думаю, што зусім на дробных прадпрыемствах прафсаюзы не будуць стварацца. Што значыць заключаць гаспадарчую дамову на прадпрыемстве, дзе працуюць два чалавекі, якія не атрымліваюць заробак? Вока пакладуць на больш прыбытковыя кампаніі. Усё гэта робіцца пад маркай, што, маўляў, на прыватных прадпрыемствах парушаюцца правы працаўнікоў. Ды яны ўсюды парушаюцца! І на прыватных, і не менш – на дзяржаўных. Хоць, па вялікаму рахунку, любому наймальніку прафсаюз не патрэбен. Яго цікавіць толькі прыбытак. Прафсаюзы неабходны ў дэмакратычным грамадстве, калі ствараюцца знізу для абароны інтарэсаў працоўных. Калі ж прафсаюзы прызначаюцца зверху, іх называюць “жоўтымі”. Так што беларускія прыватнікі ў хуткім часе “пажаўцеюць”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]