Генпракуратура Латвіі адмовіла Беларусі ў выдачы Валерыя Цапкалы



Генеральная пракуратура Латвіі адмовіла Беларусі ў экстрадыцыі былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, экс-дыпламата і дырэктара Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы, паведамляюць латвійскія СМІ.

Прэс-сакратар Генпракуратуры Латвіі Уна Рэнэ заявіла агенцтву LETA, што рашэнне была прынятае 28 чэрвеня. Прычыну, з якой ведамства адмовілася выдаць Беларусі палітыка, яна не назвала.

15 лютага Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што накіравала латвійскім калегам просьбу аб выдачы Цапкалы для прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці.

„Крымінальная справа ў дачыненні да Цапкалы В.В. знаходзіцца ў вытворчасці галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарату Следчага камітэта, — гаварылася ў паведамленні Генпракуратуры. — Яму інкрымінаваныя тры эпізоды атрымання хабару ў асабліва буйным памеры паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.

У наглядным органе нагадалі, што 21 лютага 1994 года паміж Беларуссю і Латвіяй была заключаная дамова аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах.

Валерый Цапкала, не зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты, пакінуў Беларусь разам з дзецьмі 23 ліпеня 2020 года з-за пагрозы арышту.

8 лютага Следчы камітэт паведаміў, што накіраваў у генпракуратуру краіны дакументы аб ініцыяванні працэдуры экстрадыцыі Цапкалы, які абвінавачваецца ў карупцыйных злачынствах і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

9 лютага міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што патрабаванне беларускіх праваахоўных органаў аб экстрадыцыі Цапкалы павінна быць адхіленае. „Разглядаю просьбу рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі беларускага апазіцыйнага палітыка Валерыя Цапкалы як непрыхаваную спробу помсты, патрабаванне павінна быць адхіленае”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Чыноўнік адзначыў, што ў адпаведнасці з латвійскім заканадаўствам рашэнне аб экстрадыцыі прымаюць кампетэнтныя праваахоўныя органы пасля ацэнкі ўсіх аспектаў справы.

Беларускае Радыё Рацыя