Генпракуратура Літвы пачала крымінальную справу па факце катаванняў у Беларусі



Генеральны пракурор Літвы Эвалдас Пашыліс пачаў дасудовае расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці па скарзе грамадзяніна Беларусі, паведамляе ў сераду агенцтва BNS са спасылкай на літоўскую Генпракуратуру.

Паводле Delfi.lt, грамадзянін Беларусі, які пражывае ў гэты момант у Літве, звярнуўся ў пракуратуру 30 лістапада па прычыне гвалтоўных дзеянняў, якія былі здзейсненыя над ім 13 кастрычніка ў Менску.

„Абставіны здарэння, названыя заяўнікам і іншыя першасныя дадзеныя, прадстаўленыя пракуратуры, ацэнены як маючыя склад злачынства, у адносінах да якога, паводле Крымінальнага Кодэксу Літоўскай Рэспублікі, ужываецца ўніверсальная юрысдыкцыя”, – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Гэта першая справа за гвалт міліцыянтаў супраць мірных грамадзян у Беларусі. Беларускія пракуратура і Следчы камітэт дагэтуль не завялі ніводнай справы па больш чым 2000 заявах аб катаваннях пры затрыманнях і ў турмах, у тым ліку па фактах гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі і іншых удзельнікаў пратэстаў.