Генпракурор лічыць карэктнымі дзеянні міліцыянтаў



Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк лічыць карэктнымі дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка ў Менску. Пра гэта ён заявіў журналістам 3 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.

„Калі акцыя ці мерапрыемства несанкцыянаванае, то гэта ў любой краіне, што ў нас, што ў ЗША, што ва Францыі, гэта ўсё каральныя дзеянні, незаконныя дзеянні, — сказаў Канюк. — Вы ж бачылі, як у іншых краінах дзейнічаюць, і як нашы дзейнічалі. Дарэчы, нашы работнікі — і міліцыі, і іншых праваахоўных органаў — нашмат больш карэктна дзейнічалі, чым у іншых краінах”.

Паводле яго слоў, у Генпракуратуру паступілі заявы ад грамадзян, якія лічаць, што былі 25 сакавіка затрыманыя незаконна. „Калі былі нейкія парушэнні, то будзем разглядаць, заявы ёсць. Спатрэбіцца, будзем праводзіць больш паглыбленыя даследаванні”, — сказаў Канюк.

Пры гэтым ён засумняваўся, што 25 сакавіка ў цэнтры Менска былі затрыманыя выпадковыя людзі. „Трэба з гэтым разбірацца, таму што ў мяне такое адчуванне, што наўрад ці гэта выпадковыя людзі”, — адзначыў Канюк.

На просьбу пракаментаваць дзеянні сілавікоў, якія затрымлівалі пажылых людзей, Канюк сказаў: „Калі яны парушаюць закон, то што з імі зрабіць. Пажылы гэта, малады, стары і гэтак далей — якая розніца? Розніцы асаблівай я не бачу”.

Канюк таксама заявіў, што не будзе праводзіць праверку адносна дзеянняў Менгарвыканкама, які даў адказ арганізатарам акцыі менш чым за суткі да правядзення акцыі.

„Менгарвыканкам нічога не пратэрмінаваў, усё ў яго было зроблена паводле закона, таму Менгарвыканкамам я займацца не буду, — сказаў Канюк. — Усё зрабілі як мае быць. Мы гэтыя ўдакладнялі абставіны. А тое, што вам там нехта нешта кажа, ну дык што?”

Канюк таксама абвінаваціў прадстаўнікоў СМІ ў „заангажаванасці” пры асвятленні акцыі 25 сакавіка і яе наступстваў.

„Надышоў час, паважаныя прадстаўнікі масмедыя, ставіць пытанне пра тое, як падаецца інфармацыя, у тым ліку і ў вашых органах. Я ведаю, што Германія цяпер у гэтых адносінах далёка пайшла, вельмі буйныя штрафы за падачу ілжывай, няслушнай або перакручанай інфармацыі. Пра гэта таксама трэба думаць, — сказаў Канюк. — А то, атрымліваецца, дзеля нейкага смажанага факту, дзеля нейкай заангажаванасці, чыста прафесійнай у гэтым выпадку, вы не вельмі аб’ектыўна ўсё гэта падаяце”.

25 сакавіка, у Дзень Волі, які штогод адзначае беларуская апазіцыя, толькі ў Мінску было затрымана каля 700 чалавек. 26 сакавіка ў сталіцы былі затрыманыя яшчэ больш за 20 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі напярэдадні. У той жа дзень 40 чалавек былі затрыманыя ў Бабруйску. Яшчэ некалькі чалавек былі затрыманыя ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мазыры, Гомелі, Віцебску.

Паводле звестак праваабаронцаў, у судах Менска 27 сакавіка адбыўся разгляд каля 145 адміністрацыйных спраў. Людзей прыгаворвалі да арыштаў альбо штрафаў.

belapan.by