Герт Пётэрынг паабяцаў прытрымлівацца каштоўнаснага падыходу да Беларусі



Надалей прытрымлівацца падыходу да Беларусі, заснаванага на каштоўнасцях, такое абяцанне прагучала з вуснаў старшыні нямецкага Фонду імя Конрада Адэнаўэра – Ханса-Герта Пётэрынга на сустрэчы з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі ў Менску. У сустрэчы з ім узялі ўдзел сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, а таксама старшыня і намеснік старшыні руху „За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і Юрась Губарэвіч. На думку апошняга, паколькі ў краіне ўжо 20 гадоў пануе дыктатура, хуткіх вынікаў ад падобных сустрэчаў не будзе, але пэўныя зрухі – адбываюцца:

— Гэтыя сустрэчы, у тым ліку і тыя, што меў спадар Пётэрынг, паказваюць, што адбываецца поўная размарозка сітуацыі і што на сёння прадстаўнікі афіцыйнага боку дэкларуюць жаданне быць пачутымі не толькі на Усходзе, але і на Захадзе, яны гатовыя да дыялогу, да абмеркавання пэўных пазіцыяў, якія займаюць як Беларусь так і Еўразвяз у дачыненні да сітуацыі з правамі чалавека, палітычнымі свабодамі, свабодамі СМІ і так далей.  

“Гэта пазітыўны сігнал. І ў любым выпадку размовы лепш, чым бойкі і вайна”, — кажа беларускі палітык. Таксама ён падкрэслівае, што прадстаўнікі захаду дэманструюць захаванне сваіх ранейшых пазіцый, і гатовыя сустракацца і размаўляць не толькі з афіцыйным бокам, але і з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці Беларусі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: novychas.by