Гібрыдная дыпламатыя



Палітолаг Алесь Лагвінец патлумачыў, чаму ў ААН Беларусь галасуе супраць рэзалюцыі па Крыме.

Алесь Лагвінец

Нагадаем, што ўчора Генеральная Асамблея ААН зацвердзіла рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль (Украіна), праект якой быў прыняты 15 лістапада ў Трэцім камітэце Арганізацыі.

Дакумент асуджае сур’ёзныя парушэнні і злоўжыванні ў адносінах да жыхароў Крыма, парушэнні правоў чалавека, а таксама заклікае Расею як дзяржаву-акупанта выконваць свае забавязанні ў адпаведнасці з міжнародным правам і вызваліць неадкладна ўкраінскіх грамадзян, якія былі незаконна затрыманыя і асуджаныя без уліку элементарных нормаў правасуддзя.

Беларусь галасавала супраць рэзалюцыі.

Алесь Лагвінец: Паводзіны Беларусі па “ўкраінскім пытанні”  можна назваць “гібрыднай дыпламатыяй”. Гэта, калі і нашым, і вашым. З аднаго боку, што тычыцца пляцоўкі для перамоваў паміж бакамі, то афіцыйны Менск спрабуе займаць нейтральную вытрыманую пазіцыю. Але, калі праходзіць галасаванне ў ААН аб прыняцці крымскай рэзалюцыі (якая, да слова, мае больш маральную сілу), то тут беларускія ўлады ўжо паводзяць сябе ў суадноснасці з нейкімі расейскімі дамоўленасцямі. То бок, тут Беларусь падтрымлівае Расею, хаця можна было б і ўстрымацца. Але на сцэне ААН беларускія ўлады мусяць выконваюць свае саюзніцкія абавязкі адносна Расеі.

РР: Ва Украіне, як вядома, не вельмі задаволены такой пазіцыяй Беларусі…

Алесь Лагвінец: Там могуць быць не задаволены, але з іншага боку эканамічнае супрацоўніцтва паміж гэтымі краінамі працягваецца. Таксама ёсць і заявы высокіх беларускіх дзеячаў, што Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Адным словам – гібрыдная дыпламатыя. І нашым, і вашым…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя