Голад і вайна



Не раз і не два пішучы пра расейска-ўкраінскую вайну, узгадваў і пра яе збожжава-эканамічны аспект. Тыдзень назад таксама падкрэсліваў, што прывід голаду, так сама як прывід рашызму, кружыць не толькі над Еўропай і светам, але вельмі хутка можа выбухнуць сусветным крызісам. Пра яго рэальнасць і сілу адкрыта пачалі гаварыць магутныя гэтага свету. На мінулым тыдні ў абліччы пагрозы беспрэцэдэнтнай маштабнасці голаду ў Нью-Йорку прайшла сустрэча на вярхах з удзелам генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыша, старшыні Сусветнай харчовай праграмы Дэвіда Біслі, а таксама сакратара Дзярждэпа ЗША Энтані Блінкена. Адзіная і галоўная тэма сустрэчы заключалася ў тым, якім чынам вярнуць экспарт украінскіх зернявых зберажэнняў на сусветны рынак, а тым самым прадухіліць рэальнасць галоднай смерці.

На сёння толькі адна Сусветная харчовая праграма змушана забяспечыць харчаванне для 125 мільёнаў людзей, з чаго 50 адсоткаў закупленага патрабуючым збожжа набывалася дагэтуль ва Украіне. Паводле інфармацыі ААН у 36 самых бедных краін свету звыш 50% паставак збожжа ідзе менавіта з Украіны і Расеі. Паводле генеральнага сакратара ААН цягам двух апошніх гадоў колькасць людзей у свеце, якія апынуліся пад пагрозай голаду, пабольшылася ўдвая – з 135 мільёнаў да 276 мільёнаў. Гэта толькі сухая, сумная статыстыка. Рэальнасць, па-мойму, яшчэ нашмат горшая.

Расейская ваенная дактрына і мэтавая палітыка хоча ўзяць пад кантроль сваіх суседзяў і паставіць свет перад сабою на калені менавіта не толькі ядзернай пагрозай, але і ашалеласцю ад бяды і нянавісці галоднай часткі чалавецтва. Страшнае слова галадамор – як інструмент палітычнага генацыду ўкраінскі народ мае, на жаль, ужо ў сваёй палітычнай і генетычнай памяці. А ўсё па прычыне трыццатых гадоў ХХ стагоддзя, калі камуністычны дыктатар Сталін адправіў  на такую смерць мільёны ўкраінцаў толькі для таго, каб знішчыць, украінскасць, сялянства і прыдбаць долары ў бюджэт Крамля, прадаючы тады крывавае збожжа па ўсім свеце. Дарэчы, вынішчаць людзей голадам – гэта на працягу гісторыі прыкмета дзеяння не толькі таталітарных рэжымаў, але ўсіх, каму памкненні ў імперыяльна-каланіяльных катэгорыях з’яўляліся нацыянальна-палітычным арыенцірам.

Паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зэлэнскага ў дзяржаўных зернясховішчах і збожжавых сіласах знаходзіцца ажно 22 мільёны тон збожжа, якога зза блакіроўкі немагчыма адправіць, як было раней, марскім транспартам. Калі да 24 лютага Украіна штомесяц адпраўляла звыш 5 мільёнаў тон збожжа, то зараз ледзь 500 тысяч тон. Кашмар па поўнай праграме для ўсіх. Вядома, што чыгуначная інфраструктура Украіны і Еўропы не ў змозе падняць такія лагістычныя выклікі, не гаворачы пра аўтадарожныя перавозкі.

Зараз менавіта такі жахлівы, антычалавечны эксперымент маскоўскія агрэсары паставілі ізноў на ўлік сваёй зброі. Усе вялікія гэтага свету просяць непасрэдна ў Маскве і пасрэдна па тэлефоне, каб Расея зняла блакаду ўкраінскіх партоў, каб жыта, пшаніца, рапс, кукуруза, сланечнік і прадукты іх перапрацоўкі з украінскіх палёў і фабрык атрымалі доступ да сусветных рынкаў. Яны добра разумеюць, але не хочуць гэтага чамусьці рабіць, што самым найхутчэйшым спосабам развязкі праблемы вайны і голаду было б спачатку даць тую ўсю сучасную, цяжкую зброю, якой патрабуюць украінцы, каб перамагчы агрэсара. Але гэта можа менавіта адзін з элементаў плана палітычных гандляроў, якія хочуць абавязкова прымусіць Кіеў да капітуляцыі ў нейкай форме перад Масквой. Поўная аплявуха для якой-колечы адказнасці перад словамі каштоўнасць, трагедыя, свабода, салідарнасць і дэмакратыя.

Вось агрэсар усім вядомы, проста кожнаму тут зразумела, хто бандыт. Але раптам аказваецца, што той злачынец мае не толькі не быць пабітым, але яшчэ за кроў, слёзы і знішчэнні Украіны мае атрымаць «ваенныя трафеі». Адным словам свет некаторых заходніх палітыкаў дакаціўся абсалютна да ручкі самазнішчэння. Найгоршае аднак у тым, што ад вайны, голаду і мору будуць гінуць мільёны ні ў чым невінаватых людзей.

 Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”, №22

папярэднія артыкулы аўтара:

[manual_related_posts]