Гомельскія назіральнікі падсумавалі вынікі выбараў



У Гомелі незалежныя назіральнікі падсумавалі вынікі сваёй працы на апошніх парламенцкіх выбарах. Актывісты дэмакратычных партый і рухаў прыйшлі да высновы, што ўдзел у назіранні і вылучэнні кандыдатаў на выбарах быў апраўданы з пункту гледжання фіксацыі шматлікіх парушэнняў і інфармавання грамадскасці.

Арганізатар сустрэчы Уладзімір Кацора зазначае, што адным з дасягненняў прамінулай выбарчай кампаніі стала папаўненне шэрагаў апазіцыі неабыякавымі грамадзянамі:

– Былі ў назіранні новыя людзі – гэта адно з дасягненняў стратэгіі ў 33 акрузе. Гэта была частка стратэгіі на гэтую палітычную кампанію, каб у горадзе Гомелі, дзе кампанія „Права выбару” правадзіла татальнае па магчымасці назіранне. Мы з вамі ўпэўніліся, што ў 33 акрузе 70% выбаршчыкаў не пайшло галасаваць.

Грамадскі актывіст Андрэй Толчын канстатуе, што ўлады вельмі нервова рэагавалі на апазіцыйных кандыдатаў і назіральнікаў:

– Улада чамусьці нервова рэагавала на нейкіх больш яркіх асобаў. Але ўсё роўна, чаму яна рэагавала такім нервовым чынам? Таму, што яна вычарпала ўсе сродкі, якімі можна ўздзейнічаць на людзей. Ужо зразумела будзе абапірацца толькі на сілу, больш ні на што. Людзі ведаюць, што выбары – гэта фікцыя.

У сустрэчы дэмакратычнага актыву ў Гомелі прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Удзельнікі сустрэчы пастанавілі, што для вяртання Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця альтэрнатывы грамадскаму супраціву, у тым ліку праз актыўны ўдзел у назіранні і ў мірных акцыях пратэсту, няма.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

[manual_related_posts]