Група Цярэшчанкі агучвае 135 тысяч сабраных подпісаў



Віктар Цярэшчанка кажа, што не будзе рэагаваць на негатыўныя каментары ў свой адрас, а яго ініцыятыўная група заяўляе пра сабраныя 135 тысяч подпісаў. Раней пра 100 тысяч подпісаў заявіў і Сяргей Гайдукевіч, у адказ прайшла хваля крытыкі і заявы пра поўны недавер да агучаных лічбаў.

img_495011082015-v9ppgПрэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду Віктар Цярэшчанка кажа, што не разумее, чаму многія замест таго, каб кансалідаваць свае дзеянні, імкнуцца чыніць перашкоды:

Людзі выконваюць і замовы, і не прысутнічаюць, і нават не ведаюць, які ў мяне рост. Пра што можна гаварыць? Людзі не ведаюць сітуацыі, не былі ў нас у штабе, не ведаюць колькасць зборшчыкаў і валанцёраў. Рэагаваць на гэта я проста не маю права. Калі я буду рэагаваць, то заўтра страчу і здароўе. У нас штодзённа вядзецца падлік, праца з кіраўнікамі тэрытарыяльных групаў, у нас працуе штаб, ёсць людзі, якія кіруюць гэтым працэсам. А калі нехта хворы, то навошта мне рэагаваць на яго. Я гатовы перад тым, як здаць подпісы ў камісію, вам усё паказаць.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі – Алег Несцяркоў падае канкрэтныя лічбы, што па стане на 12 жніўня сабрана 135 тысяч подпісаў:

Стаяць нашыя пікеты і ў Менску, і ў іншых гарадах. Але ўжо подпісы пачынаюць нам звазіць сюды. Ідзе апрацоўка гэтых подпісаў, мы іх спраўджаем, і пасля гэтага пачнем здаваць у камісіі.

РР: У дзень прыкладна колькі вам атрымліваецца сабраць?

7-7,5 тысяч, былі дні, калі і па 8 тысяч збіралі. У нас заяўлена каля тысячы чальцоў ініцыятыўнай групы і прыкладна 500 чалавек – гэта валанцёры. Вельмі шмат маладых людзей, якія эфектыўна працуюць. У рэгіёнах збор подпісаў найбольш эфектыўна ў выходныя дні праходзіць, на рынках, таксама ажыццяўляем абыход кватэр.

Віктар Цярэшчанка:

Вось жа сітуацыя. Таму я звяртаюся таксама і да вас, і да вашых калегаў, калі ласка, нам трэба кансалідавацца і спрацаваць на разумнага чалавека, які можа кіраваць, калі мы яго яшчэ выбярэм, калі мяне заўтра ні прыстрэляць, ці не задушаць, і падобных мне калег, калі яны будуць казаць пра гэта. Мы ж усе рызыкуем, а ж не, трэба абавязкова нешта напісаць. І калі мы не спынімся, то зноў “чорт з табакеркі” выскачыць нейкі і мы абярэм яго. І што далей? Як з чортам гэтым будзем жыць яшчэ мінімум пяць гадоў, што будзем есці?

img_4925-d3anq

Аналітык Паўлюк Быкоўскі, каментуючы спрэчкі вакол агучанай колькасці сабраных подпісаў, кажа, што яшчэ заўчасна рабіць высновы:

Варта зазначыць, што пакуль яшчэ подпісы не здадзеныя ў выбарчыя камісіі прынамсі ў тым аб’ёме, у якім заяўленыя. Потым яшчэ стаіць пытанне, колькі подпісаў будзе прызнана, бо нават і зборшчыкі подпісаў часта ўжываюць нейкія забароненыя прыёмы. Мы зараз маем словы супраць словаў. Вось калі нешта будзе магчымасць памацаць, тады і можна будзе прымаць нейкія рашэнні і на гэта рэагаваць.

РР: То бок на гэты момант няма сэнсу спрачацца пра колькасць сабраных подпісаў?

На гэтым момант мы не можам ацаніць, што адбываецца, бо ніхто не мае доступу да гэтых подпісаў. Я ведаю, што некаторыя журналісцкія калектывы дамовіліся, што яны змогуць сфатаграфаваць подпісы і г.д. Я ведаю пра ініцыятыву Юрася Губарэвіча, што давайце мы праверым, ці сапраўды сабраныя подпісы. Але гэта яшчэ не той этап. Пакуль ідуць размовы, гэта пераважна агітацыя штаба, што ён працуе добра, ці ён наадварот можа падымаць вэрхал, што мы не паспяваем сабраць подпісы, і давайце хутчэй падтрымайце нас. Гэта могуць быць розныя стратэгіі, каб матываваць і зборшчыкаў, і выбаршчыкаў. Але пакуль нават тэарытычна немагчыма спраўдзіць, што за гэтым стаіць.

Агулам да кампаніі па зборы подпісаў Цэнтрвыбаркам дапусціў восем прэтэндэнтаў разам з дзейным кіраўніком дзяржавы. Адзначым, што ініцыятыўная група Лукашэнкі ўжо даўно заявіла пра паўмільёна сабраных подпісаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by (Улад Швядовіч) і bymedia.net

[manual_related_posts]