Група радыкалаў з РФ сарвала прэс-канферэнцыю Сайдзіка



Актывісты незарэгістраванай нацыяналістычнай партыі «Другая Россия» сарвалі прэс-канферэнцыю спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка па выніках праведзенага 15 лютага ў менскім „Прэзідэнт-гатэлі” чарговага раунда перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

У момант выхаду Сайдзіка да журналістаў два хлопцы і дзве дзяўчыны заявілі, што яны актывісты партыі «Другая Россия» (былая нелегальная Нацыянал-бальшавіцкая партыя), і пачалі выкрыкваць лозунгі „Іншая Расея!”, „Рукі прэч ад Данбаса!”, „Парашэнка — забойца!” і „Данбас — у склад Расеі!”.

Маладыя людзі раскідалі некалькі ўлётак з заявай, у якой сцвярджалася, што перамовы ў Менску нічога не вырашаюць.

Сайдзік пакінуў памяшканне для прэс-канферэнцыі, і журналісты чакаюць яго паўторнага выхаду. Лёс маладых людзей, якія сышлі пасля сваёй акцыі, невядомы.

Разам з журналістамі яны правялі некалькі гадзін у холе гасцініцы, называючыся карэспандэнтамі беларускіх СМІ, у прыватнасці „Нашай нівы”. Яны цікавіліся, хто будзе выступаць і хто такі Сайдзік.

БелаПАН