Грузія і Малдова атрымалі ад ЕЗ апытальнікі па статусе кандыдата



Грузія і Малдова атрымалі ад Еўразвязу апытальныя лісты, адказы на якія неабходныя, каб даць гэтым краінам статус кандыдатаў на ўступленне ў ЕЗ. Пра гэта паведаміў адказны за пашырэнне Еўразвязу еўракамісар Олівэр Вархэі, які 11 красавіка сустрэўся з міністрам замежных спраў Грузіі Іллём Дарчыашвілі і кіраўніком МЗС Малдовы Ніку Папэску.

«Гэта першы крок на вашым еўрапейскім шляху. Мы гатовыя працаваць з вамі вельмі хутка, каб даць сваё меркаванне Еўрапейскай радзе», — сказаў Вархэі.

Некалькімі днямі раней такі самы апытальны ліст атрымала Украіна, якую наведала кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Малдова і Грузія падалі фармальную заяўку на ўступленне ў ЕЗ услед за Ўкраінай. Кіеў зрабіў гэта праз некалькі дзён пасля пачатку расейскага ўварвання ў лютым.

Фота: twitter.com/OliverVarhelyi