Грузія заявіла пра разрыў дыпламатычных адносін з Сірыяй



Грузія заявіла пра разрыў дыпламатычных адносінаў з Сірыяй. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Грузіі Давід Дондуа на спецыяльным брыфінгу, прысвечаным прызнанню Сірыяй незалежнасці акупаваных Расеяй тэрыторый Грузіі.

Па словах Дондуа, сёння, у выніку маніпулявання з боку Расеі, сірыйскі рэжым прыняў незаконнае рашэнне і ў парушэнне прынцыпаў міжнароднага права прызнаў незалежнасць Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну (так званая Паўднёвая Асеція). „Гэтым дзеяннем рэжым Асада падтрымаў ваенную агрэсію Расеі супраць Грузіі і этнічную чыстку”, – цытуе Дондуа сайт Грузія-онлайн.

«Такім чынам сірыйскі рэжым пагрэбаваў міжнароднымі прававымі абавязацельствамі па прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці і непахіснасці міжнародна прызнаных межаў дзяржаў. Улічваючы гэта, Грузія пачынае працэдуру спынення дыпламатычных адносінаў з Сірыяй».