Грыбаўскайтэ распавяла Трампу пра небяспеку БелАЭС



На саміце „Ініцыятыва трох мораў” 6 ліпеня ў Варшаве прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падзялілася асцярогамі з нагоды будаўніцтва Беларускай АЭС са сваім амерыканскім калегам Дональдам Трампам.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Літвы, Грыбаўскайтэ звярнула ўвагу Трампа і іншых удзельнікаў саміту на тое, што расейская карпарацыя „Расатам” будуе ў Беларусі „небяспечную АЭС”, у выпадку аварыі на якой „пацярпяць шаснаццаць еўрапейскіх сталіц”.

Літва таксама не выключае, што Беларуская АЭС і газаправод NordStream 2, якія будуюцца, могуць быць выкарыстаныя Расеяй як „інструмент неканвенцыйнага шантажу”.

Як паведамлялася раней, сеймам Літвы прынятыя законы аб прызнанні таго, што БелАЭС з’яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя, а таксама пра абмежаванне імпарту электраэнергіі з Беларусі і Расеі. Літва сцвярджае, што працы вядуцца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Менск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

Выступаючы 5 ліпеня на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь пабудуе самую бяспечную атамную электрастанцыю. „У нас, у чарнобыльскай рэспубліцы, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС не так проста было прыняць гэтае рашэнне. І мы разумеем, што галоўнае пытанне — пытанне бяспекі”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён „нармальна ўспрымае” тое, што Літва часта падымае пытанне бяспекі БелАЭС. „Я нядаўна літоўцам прапанаваў: ну, колькі мы будзем сварыцца з-за гэтай станцыі? Давайце разам яе пабудуем і будзем разам эксплуатаваць як беларуска-літоўскую станцыю. Каб яна забяспечвала электраэнергіяй і Беларусь, і Літву, і, калі трэба, Латвію, Эстонію, Польшчу і іншыя дзяржавы. Гэта ж самы танны від электраэнергіі”, — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, гэтае „пытанне палітызаванае”. „Давайце разам сядзем, разбярэмся. Знімем гэтае пытанне і не будзем смяшыць ўвесь свет. Нам — Літве і Беларусі — патрэбная гэтая станцыя”, — перакананы беларускі кіраўнік.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі, для яе будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

belapan.com

[manual_related_posts]