«І па змесце, і па форме падзеі ў Казахстане нам знаёмыя»



У замежнапалітычным ведамстве Беларусі пракаментавалі падзеі ў Казахстане, дзе пратэстоўцы захапілі некалькі акіматаў, зброю і ўварваліся ў студыю тэлеканала «Мир».

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў масавыя пратэсты ў Казахстане. Ён спадзяецца, што ўладам дзяржавы ўдасца ўзяць сітуацыю пад кантроль і вярнуць свой уплыў.

«Па змесце, і па форме падзеі нам знаёмыя. Механізмы і інструменты бачныя няўзброеным поглядам. У сувязі з гэтым на дадзеным этапе лічым важным стабілізаваць сітуацыю і спыніць беспарадкі. Спадзяемся, што казахстанскае кіраўніцтва з гэтым справіцца. Гісторыя пераканаўча даказала, што шлях пераваротаў і рэвалюцый ні да чаго добрага не прыводзіць».

2 студзеня ў Жанаэзене пачаліся пратэсты супраць павышэння цаны на звадкаваны газ, пазней да іх далучыліся жыхары іншых гарадоў. 4 студзеня ўрадавая камісія, створаная па даручэнні прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева, паабяцала выканаць патрабаванні дэманстрантаў.

Пасля трох дзён пратэстаў Такаеў адправіў у адстаўку ўрад, увёў дзяржаўнае рэгуляванне коштаў і аб’явіў рэжым НС у трох рэгіёнах, але пратэсты працягнуліся. З раніцы сёння, 5 студзеня, удзельнікі дэманстрацый уступаюць у сутыкненні з паліцыянтамі і спрабуюць захапіць будынкі адміністрацый у буйных гарадах.