ІД узяла на сябе адказнасць за выбух у Магнітагорску



„Ісламская дзяржава” ўзяла на сябе адказнасць за выбух дома ў Магнітагорску. Пра гэта паведамляе арганізацыя  SITE Intelligence Group, якая адсочвае актыўнасць баевікоў у інтэрнэце, са спасылкай на газету тэрарыстаў.

Telegram-канал Directorate 4 апублікаваў скрыншот матэрыялу. „Сваё доўгае маўчанне на гэтую тэму групоўка тлумачыць меркаваннямі бяспекі тэрарыстаў. Ніякіх падрабязнасцяў, акрамя агульнавядомых, у сваім артыкуле джыхадзісты не прыводзяць. Пры гэтым яны цытуюць заявы расейскіх уладаў пра тое, што ніякіх слядоў выбухоўкі знойдзена не было”, – паведамляе Directorate 4.

Выбух у жылым дзесяціпавярховы доме ў Магнітагорску адбыўся раніцай 31 снежня. У выніку абвальвання пад’езда дома загінулі 39 чалавек. Паводле афіцыйных дадзеных, прычынай абвалу стаў выбух бытавога газу.

1 студзеня ў Магнітагорску загарэлася і ўзарвалася маршрутка, як заяўлялі ў МУС, з-за няспраўнасці газавага абсталявання. У выніку загінулі тры чалавекі. У Следчым камітэце сказалі, што на месцы абрушэння жылога дома слядоў выбухоўкі не знойдзена. 

У прэсе з’яўляліся здагадкі, што абодва здарэнні былі тэрактамі.

Следчы камітэт Расеі адрэагаваў на гэту заяву і заклікаў не давяраць паведамленням пра тэракт у Магнітагорску. 

Паводле echo.msk.ru

Фота Bash.News