Ігар Барысаў: Ідзе чарговае запужванне журналістаў



Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаўся пра ператрус у офісе “Белсату” і наступ на незалежныя СМІ.

Як вядома, сёння ў офісе тэлеканала “Белсат” у Менску міліцыя і следчыя зладзілі ператрус. Пазней стала вядома, што ператрус праходзіў у межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.

Падчас ператрусу забралі два сістэмныя блокі, тры ноўтбукі, а таксама ўсе носьбіты інфармацыі.

Ігар Барысаў: Улада пастаянна дэманструе сваю прысутнасць ва ўсіх сферах. Мы бачылі, што адбывалася апошнім часам у Курапатах, былі затрыманні пасля афіцыйна дазволенага Дня Волі. Зараз чарга дайшла і да “Белсата”. Пры гэтым улады прымяняюць веерныя рэпрэсіі: адзін сектар апрацоўваюць сёння, другі – заўтра, на чарзе – трэці. Пры гэтай уладзе яе апанентам ніколі не даводзіцца адчуваць сябе ў бяспецы. А дачапіцца рэпрэсіўная машына заўсёды знойдзе да чаго.

Дарэчы, калі даведаўся, што ў офісе “Белсата” праходзіць ператрус, то злавіў сябе на думцы: напэўна, беларусы настолькі прызвычаіліся да негатыўных навінаў, якія пастаянна на слыху, што гэта для іх становіцца ўжо своеасаблівым допінгам. Атрымліваецца, што без негатыву жыцця ў медыясферы проста не бывае. Пастаянныя рэпрэсіі, пераследы, запужванні – гэта ўжо стала нормай беларускага жыцця. Такая сутнасць рэжыма, які ў нас ёсць.

РР: На ваш погляд, якім чынам будзе далей развівацца сітуацыя з “Белсатам”?

Ігар Барысаў: “Белсат” – той рэсурс, якія стаіць косткай у горле ўладаў. Асабліва ў свеце таго, што аўдыторыя тэлеканала моцна пашыраецца ў сацыяльных сетках. І гэта, натуральна, ва ўладаў выклікае пэўную небяспеку. Калі СМІ не кантралецца, то на яго немагчыма аказаць уплыў.

А зачэпка з памылкай, якая з’явілася на сайце “Белсата”, стала добрай нагодай і для ўзбуджэння крымінальнай справы, і, суадносна, для ўзяцця пад пэўны кантроль тэлеканала. Натуральна, што цалкам паўплываць на “Белсат”, узяць яго пад кантроль улады ўсё роўна не змогуць. Але, як мне падаецца, зараз праз крымінальную справу яны робяць спробу запужаць тых журналістаў, якія працуюць на тэлеканале.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя