Ігар Барысаў: Хамаватасці ў выбарчай кампаніі не месца



Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў ацаніў ініцыятыву Віктара Бабарыкі.

Нагадаем, што прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка падаў у Цэнтрвыбаркам зварот аб фактах парушэння заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Да іх ён аднёс прымус падпісвацца за дзеючага прэзідэнта, абразы прэтэндэнтаў у кандыдаты Аляксандрам Лукашэнкам і супрацьпраўныя дзеянні супраць сябраў ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў. У выпадку калі парушэнні пацвердзяцца, ён просіць зняць Лукашэнку з выбараў.

Ігар Барысаў: Думаю, Бабарыка зрабіў усё абсалютна слушна, бо ў адрозненні ад Лукашэнкі ўсе астатнія прэтэндэнты паводзяць з большага стрымана і не дазваляюць сабе публічна развязваць язык і крытыкаваць апанентаў.

Улада выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, які, па вялікім рахунку, з усіх пазіцый відавочны – ад фактаў прымусу збору подпісаў, да наказу сілавікам прымяняць жорсткія меры ўжо на стадыі збору подпісаў.

РР: Які сэнс у такім звароце?

Ігар Барысаў: Бабарыка спытаў: калі прэзідэнт крытыкуе кандыдатаў, значыцца і астатнім можна казаць тое ж самае пра беларускага кіраўніка? Фактычна ён дае зразумець, што хамаватасці ў выбарчай кампаніі не месца.

І ў гэтай сітуацыі банкір дзейнічае правільна. Мяркую, што гэта такі псіхалагічна ціск на ўлады, каб тыя таксама ведалі сваё месца. Хаця яшчэ невядома, чым усё гэта скончыцца. На выхадзе Бабарыку могуць напісаць смешныя лічбы, але на дадзены момант ён знаходзіцца на хвалі папулярнасці і можа дазваляць сабе падобныя рэчы.

Але не думаю, што Цэнтрвыбаркам дасць Бабарыку нейкі суцяшальны адказ. Старшыня Цэнтрвыбаркама неаднаразова казала, што яна – чалавек прэзідэнта, а таму які яшчэ адказ чакаць? Ён будзе фармальны і не на карысць альтэрнатыўнага прэтэндэнта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя