Ігар Барысаў: Лукашэнка ў стане яшчэ доўга ўтрымліваць уладу



Нядаўняя сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прайшла амаль у рэжыме сакрэтнасці. Але паступова некаторыя дэталі, пераважна з вуснаў Лукашэнкі, становяцца вядомымі. “Госць Рацыі” – старшыня Беларускай сацыял – дэмакратычнай партыі (Грамада), палітолаг Ігар Барысаў у нашым эфіры разважае пра магчымыя наступствы гэтых перамоваў.

РР: Лукашэнка чым далей, тым больш прагаворваецца пра сваю апошнюю сустрэчу з Пуціным. Зараз з яго вуснаў гучыць нейкая інфармацыя. І можна зрабіць выснову, што там размова ішла пра ваенную прысутнасць Расеі на тэрыторыі Беларусі, пра канстытуцыйную рэформу ў Беларусі і пра дарожныя мапы. Як вы лічыце, у Лукашэнкі насамрэч усё менш поля для манеўру?

Ігар Барысаў: З аднаго боку, сапраўды складваецца ўражанне, што яны спрабуюць навязаць яму не толькі правілы гульні, але і абавязальніцтвы. І гэта на дадзены момант паспяхова атрымліваецца. Таму што наперадзе ў Расеі, як кажуць, вечнасць, а ў Лукашэнкі час абмежаваны. Канешне, Расея выстаўляе яму пэўныя ўмовы. У выпадку датацый, падтрымкі, адпаведна, ты мусіш мяняцца. Мяняцца дзеля таго, каб мінімізаваць элементы непрадказальнасці. Таму што не толькі для Захада, але і для Расеі павінен быць чалавек, які прадказальны ў Беларусі. І калі заціснуць з усіх бакоў яго – эканамічнага, палітычнага і міжнароднага, то ён не будзе мець ужо тую ступень аўтаноміі, якую ён мае зараз.

РР: Расея яго пасля выбараў падтрымала. Можа зноўку ў нейкі вырашальны момант падтрымае яго? І гэтыя спадзяванні, што Крэмль, Пуцін супраць Лукашэнкі, што ён дапаможа яго адсунуць, абсалютна безгрунтоўныя?

Ігар Барысаў: Тут пытанне яшчэ, на якіх умовах яна яго падтрымала. Можа на ўмовах сыходу? І з таго, што мы бачым, пакуль вымалёўваецца карціна, што ён не выконвае тыя абавязальніцтвы. І, натуральна, гэта будзе сведчыць пра тое, што падтрымкі наступныя пяць год ужо не будзе. Таму што, калі чалавек не выконвае абавязальніцтвы, як з ім можна мець агульную справу? І зараз яны будуць спрабаваць дамагчыся выканання гэтых абавязальніцтваў. Што сюды ўваходзіць, натуральна, мы не ведаем, бо ўсё гэта засакрэчана. Але з тых урыўкаў, якія даносяцца з вуснаў Лукашэнкі, экспертаў і з розных тэлеграм-каналаў, навідавоку і эканамічныя пытанні, і вайсковая супраца, і транзіт улады, і змены ў Канстытуцыі, і ўзмацненне ролі палітычных партый.

Сітуацыя зараз будзе напружвацца не толькі праз міжнародную ізаляцыю, праз адсутнасць магчымасці ўдзельнічаць у палітычных працэсах, але і праз сацыяльна-эканамічныя праблемы. Таму што бачым, што эканоміка пачынае трашчаць па швах. На гэтым фоне вымалёўваецца сітуацыя падзення роўню дабрабыту грамадзян у сярэднечасовай перспектыве і збядненне грамадзян. Але варта разумець, што ад таго, што людзі сталі бядней, не значыць, што ўлада абрынецца ў адно імгненне. Расслаенне грамадства будзе павялічвацца, але ўладу ён, мяркую, у стане яшчэ доўга ўтрымліваць, таму што яму падпарадкаваны апарат не толькі чыноўнікаў, але і праваахоўнікаў, і наколькі разумею, там нейкія наёмнікі былі – людзі, якія гатовы зрабіць што заўгодна за грошы. Пакуль у яго ёсць магчымасць плаціць, то сітуацыю ён можа кантраляваць. Пытанне – як доўга. Але тут таксама нельга не забываць такі складнік, як узрост Лукашэнкі – 66 год. Варта разумець, чым далей, тым меншая працаздольнасць, меншы ўплыў на сітуацыю, тым больш узмацняюцца за плячыма розныя наменклатурныя групоўкі. І калі цягнуць да апошняга, то не выключаю, што адна з груповак проста манапалізуе ў адзін момант уладу.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя