Ігар Барысаў пра мігранцкі крызіс і размовы Меркель з Лукашэнкам



Нямеччына адмаўляе дамоўленасці з Лукашэнкам аб мігрантах. У пытанні пра мігрантаў на мяжы Польшчы і Беларусі Нямеччына не дзейнічае ў адзіночку, – заявіла крыніца Reuters ва ўрадзе Нямеччыны, каментуючы словы прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Эйсмант пра нібыта дасягнутыя Лукашэнкам і Меркель дамоўленасці.

Гэтаму папярэднічалі дзве размовы выконваючай абавязкі Канцлера Нямечыны Ангелы Меркель і Аляксандра Лукашэнкі.

Тэму абмяркоўваем з „Госцем Рацыі” – старшынём беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігарам Барысавым, а менавіта іх калегі – сацыял-дэмакраты пераймаюць уладу ў Нямечыне. Выходзіць, што з Лукашэнкам размаўляла палітык, якая аб’явіла, што сыходзіць з палітыкі.

РР: З’явілася інфармацыя, што, між іншым, пытанне паўставала пра прызнанне легітымнасці Лукашэнкі. Калі падумаць, то, напэўна, увесь гэты міграцыйны крызіс быў для гэтага і створаны. Выглядае, што нібыта Еўропа паддалася Лукашэнку?

Ігар Барысаў: Тут я сапраўды пагаджуся, што гэты крызіс мае на мэце магчымасць стварэння новых чыннікаў, перамен для таго, каб размаўляць, і размаўляць ужо не пра выбары, не пра дэмакратыю ў Беларусі, не пра вызваленне палітзняволеных, а пра зусім іншыя тэмы для таго, каб да гэтых балючых тэмаў не вяртацца.

РР: Ёсць інфармацыя, што з еўрапейскай павесткі дня Беларусь ужо знікла, не падымаецца пытанне палітвязняў, а прысутнічае міграцыйны крызіс, бо гэта сапраўды тое, што непакоіць еўрапейцаў.

Ігар Барысаў: Я не думаю, што яны забыліся пра сітуацыю ў Беларусі. Але, натуральна, што фокусы часова пераключаны. І дастаткова паглядзець як працуе дзяржаўная прапаганда. А на маю думку, для ўладаў гэта свайго кшталту інфармацыйная вайна. І яны падыходзяць да гэтага вельмі самааддана. Таму што колькасць гэтых  матэрыялаў, гэтая гістэрыя проста зашкальваюць. Адзінае пытанне – наколькі беларусы могуць ва ўсё гэта паверыць.

РР: Наколькі слушныя аргументы афіцыйнага Менску, што ўлады не вінаватыя ў гэтым крызісе? Мігранты хочуць у Еўропу, і Беларусь ніякага дачынення да гэтага не мае. Улада кажа, што штучна не арганізоўваўся гэты крызіс.

Ігар Барысаў: Тут складана казаць без правядзення пэўнага расследавання. Яно пакуль вымалёўваецца так, што ўсё магло б так выглядаць, таму што гэта натуральным чынам так складвалася і развівалася. А натуральна ўлада ў Беларусі шукала магчымасці выхаду з той пасткі легітымнасці, якая была ўтворана пасля 2020 года, і калі ў дыскурсе еўрапейскіх палітыкаў і амбасадараў знікла як пасада “прэзідэнт Беларусі”, і ўзнікла “спадар Лукашэнка”. Розніца для кагосьці прынцыповая, а для кагосьці не. Бо Лукашэнка ўсё роўна застаецца тым чалавекам у Беларусі,  які прымае рашэнні, нягледзячы на выбары, рэферэндумы ці яшчэ штосьці. Для яго, я думаю, гэта крыўдна. І тое, што зараз Меркель і іншыя еўрапейскія палітыкі пачалі стэлефаноўвацца непасрэдна з ім, гэта, канешне, для яго спроба  легітымізацыі.

Але мы разумеем, што тая ж самая Ангела Меркель, як у палітыцы кажуць, – “кульгавая качка”. Яна сыходзячы палітык. І ёй у прынцыпе няма чаго губляць. Таму, я мяркую, выбралі яе кандыдатуру для таго, каб  весці перамовы з Лукашэнкам. Зараз на пасаду будзе заступаць Олаф Шольц, і ў выпадку, калі штосьці складзецца не так, ён вельмі проста можа адмовіцца ад гэтых перамоўных этапаў, праведзеных Меркель. І пачаць усё з чыстага аркушу. Таму гэта такія аргументы, якія варта разумець. Што чакаць ад Олафа Шольца, сказаць складана, бо ўсё будзе складвацца ў залежнасці ад таго, якія будуць дамоўленасці паміж Масквой і Берлінам. Таму што, на вялікі жаль, паміж Масквой і Берлінам ніводная краіна фактычна не заўважае іншыя сталіцы. Тут пытанне таксама будзе залежыць ад таго, наколькі будзе вырашацца пытанне з “Паўночным патокам”, далей па такім жа сцэнары будзе вырашацца і міграцыйны крызіс – гатовы пайсці на саступкі, гатовы прыняць мігрантаў ці не, гатовы размаўляць з Лукашэнкам ці не.

Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спроб нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88. 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы і спрабавалі яго прайсці, што прывяло да эскалацыі канфлікту на польска-беларускай мяжы.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайту: mirnov.net